Ключы ад 66 аўтамабіляў перадалі ўстановам аховы здароўя Віцебскай вобласці

Установам аховы здароўя Віцебскай вобласці 4 лістапада перадалі ключы ад 66 аўтамабіляў медыцынскай дапамогі. Цырымонія напярэдадні Дня Кастрычніцкай рэвалюцыі прайшла ў Віцебскім аблвыканкаме.

Седаны маркі "Джылі Эмгранд" вытворчасці беларуска-кітайскага прадпрыемства "БЕЛДЖЫ" набылі за кошт сродкаў абласнога і мясцовых бюджэтаў. Аўтамабілі накіруюцца ва ўсе раённыя, а таксама паліклінікі Віцебска, Оршы, Полацка і Наваполацка. Агульны кошт транспартных сродкаў складае Br3,2 млн.

Адразу чатыры новыя аўтамабілі папоўняць парк Наваполацкай цэнтральнай гарадской бальніцы, які налічвае 28 машын, чатыры з іх практычна новыя. "Гэта вельмі доўгачаканая для нас падзея: аўтапарк установы даволі зношаны, і новыя аўтамабілі для нас вялікая падмога. Наваполацк хоць і размешчаны даволі кампактна, але насельніцтва яго вялікае. Важна, каб медыцынскія работнікі хутка і своечасова даехалі да кожнага пацыента і ўрачы змаглі якасна аказаць медыцынскую дапамогу. Спадзяюся, што праца па абнаўленні будзе працягвацца, і наш аўтапарк на працягу некалькіх гадоў цалкам абновіцца", - сказала галоўны ўрач Наваполацкай ЦРБ Ірына Шэменкава.

Вадзіцельскі стаж Аляксандра Коўнурко перавышае 30 гадоў. У Полацкай ЦРБ мужчына працуе апошнія два гады, пакуль на "Лада Веста" дастаўляў урачоў да адрасу выкліку і пацыентаў - да патрэбных мед устаноў. Часам месца прызначэння знаходзіцца і за межамі раёна. "Хворых вазім у Віцебск з Полацка, па рэспубліцы нават ездзім. Часам лік ідзе на хвіліны, і ад таго, наколькі якасны ў нас транспарт, залежыць вынік. Важна, каб аўтамабіль не падводзіў, а новы ёсць новы. Гэта вялікая дапамога для бальніц і паліклінік", - сказаў ён.

Цяпер кіроўцы і ўрачы паліклінік, якія атрымалі новыя аўтамабілі, змогуць абслугоўваць большую колькасць выклікаў, упэўнены кіроўца Бешанковіцкай ЦРБ Канстанцін Трубянецкі. Яго ранейшае рабочае аўто было ў эксплуатацыі сем гадоў, кажа, ужо прыйшоў час мяняць, тэхніка ж не вечная. "У асноўным выязджаем на выклікі на дом, да маленькіх пацыентаў. Хуткая дапамога працуе на хвіліны, але і ў нас бывае такое, калі мы прывозім урача, а атрымліваецца, што дзяцей трэба тэрмінова везці ў бальніцу", - падзяліўся Канстанцін Трубянецкі.

"Машынамі хуткай медыцынскай дапамогі мы займаемся, але ёсць яшчэ служба неадкладная дапамогі, якая працуе пры паліклініках, лекарскіх амбулаторыях. Яна непасрэдна выязджае на дом і працуе ў дзённы час, разгружаючы хуткую дапамогу, паколькі не ўсе выклікі з'яўляюцца хуткімі і не ўсе абслугоўваюцца хуткай дапамогай. Аўтамабілі будуць таксама накіроўвацца ў аддаленыя населеныя пункты для выезду спецыялістаў і правядзення вузкіх кансультацый, прыезду на ФАП, каб больш глыбока абследаваць пацыента, а пры неабходнасці правесці дыспансерызацыю пацыентаў у сельскай мясцовасці", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Віцебскага аблвыканкама Міхаіл Вішнявецкі.

Па яго словах, цяпер парк легкавых аўтамабіляў, якія былі неабходныя для медустаноў вобласці, цалкам укамплектаваны. "Далей неабходна будзе абнаўляць насілачны транспарт. Думаю, мы з гэтым цягнуць не будзем. Хутчэй за ўсё, у 2024 годзе будзем планаваць абнаўленне і насілачнага транспарту", - дадаў кіраўнік аблздрава.

"БЕЛТА"