Ключы ад сацыяльных кватэр у доме №36 па вуліцы М.Горкага ўручылі ў Віцебскім гарвыканкаме

Ключи от социальных квартир в доме №36 по улице М.Горького вручили в Витебском горисполкоме
У гарвыканкаме адбылося ўрачыстае ўручэнне ключоў ад кватэр сацыяльнага карыстання ў доме па вуліцы Максіма Горкага, 36.

Як дзяліліся перад пачаткам мерапрыемства многія з тых, хто быў запрошаны на уручэнне ключоў, гэтую навіну яны сустрэлі з захапленнем. Бо хтосьці жыў на здымнай кватэры, хтосьці ў сваякоў, у інтэрнаце. Марылі пра свой куток, асабліва сем'і з дзецьмі. І вось гэтыя мары збыліся.

Старшыня гарвыканкама Віктар Мікалайкін прывітаў навасёлаў і адзначыў, што гарвыканкам штогод выдзяляе для чаргі, у якой стаяць маючыя права на атрыманне сацыяльнага жылля, не менш за 100 кватэр. У маі, калі засялілі 120-кватэрны дом, пабудаваны за кошт інвестыцый Кітайскай Народнай Рэспублікі, атрымалася значна прасунуць гэтую чаргу, але ў ёй і цяпер яшчэ застаецца 236 чалавек. Таму прынялі рашэнне рухацца ў гэтым напрамку і далей: з 66 кватэр у доме, які з'яўляецца помнікам архітэктуры, дзе выкананы капітальны рамонт, 47 выдзелены шматдзетным сем'ям, сіротам, сем'ям, якія маюць дзяцей-інвалідаў.


Дом даваенны, але зносіць яго нельга, цяпер усё перароблена, перабудавана, акрамя некаторых сцен — усё новае.

— Бачу вашы шчаслівыя твары, нават у некаторых слёзы на вачах. Гэта зразумець можна, бо не кожны дзень атрымліваеш ключы ад кватэры, дзе сваёй сям'ёй можна будаваць побыт. І я шчаслівы, што атрымліваецца радаваць людзей, — казаў Віктар Мікалайкін.

Кіраўнік горада выказаў задавальненне: дом знаходзіцца ў мікрараёне, які прывыклі называць «5-ы Камунальны», дзе няма праблем са школай, дзіцячай дашкольнай установай. Побач — транспарт, крамы, Палац спорту… Адным словам, наладжана інфраструктура.

 

Старшыня гарвыканкама звярнуўся да адміністрацыі Першамайскага раёна з прапановай дапамагчы людзям абжыцца на новым месцы: вызначыць дзяцей у дашкольныя ўстановы, у школу, калі камусьці трэба, спрыяць арганізацыі навучання дзяцей на даму, зрабіць гэта ад душы.

Віктар Паўлавіч прадставіў кіраўнікоў заказчыка і падрадчыка,

выконваўшых капітальны рамонт дома, — начальніка ЖРЭТ горада Віцебска Віталія Іванова і начальніка СМП-715 Івана Іванейчыка, на выпадак, калі пры засяленні раптам узнікнуць нейкія пытанні, хоць камісія прыняла дом у эксплуатацыю практычна без заўваг.

Уручыўшы ключы, Віктар Нікалайкін сказаў:

— Жадаю ўсім вам здароўя, шчасця ў новых кватэрах, удачы! Каб, як кажуць, свяціла сонца ў вашы акенцы!

Ад імя навасёлаў слова ўзяла Крысціна Голуб:

— Выказваем вам вялікую чалавечую падзяку. Мы шалёна рады. Дзякуй кіраўніцтву горада за вашу працу, за тое, што вы робіце, каб людзі жылі добра!

Ужо пасля мерапрыемства навасёлы дзяліліся эмоцыямі.

— З нецярпеннем чакалі наваселля — да гэтага дня туліліся ў аднапакаёвай кватэры ў брата, — гаварыла мама траіх дзяцей Людміла Пралыгіна. — Новую кватэру паглядзелі — вельмі задаволены, ужо вырашылі, дзе будзе дзіцячая. Таксама спадабаўся раён — цэнтр горада блізка, а галоўнае — побач ёсць яслі-сад і сярэдняя школа.

Доўгачаканым было наваселле і для маладой сям'і Сімоненкавых, якія ўжо аддалі сваю дачку ў сярэднюю школу №17.

— Чаканне засталося ззаду, цяпер — прыемныя клопаты, звязаныя з уездам у новую кватэру, — распавёў бацька сямейства Дзмітрый, выказваючы падзяку уладзе за такое важкае праяўленне клопату аб жыхарах горада.

Ніна Тулінава. Фота Алега КЛІМОВІЧА. "Віцьбічы".