Клубны дом для рэабілітацыі псіхічна хворых адкрыўся ў Віцебску
Клубны дом, які афіцыйна адкрыўся сёння, па сутнасці, ужо два месяцы працуе ў тэставым рэжыме. У "Крылах надзеі" зараз складаецца 14 чалавек: самаму малодшаму з іх 24 гады, старэйшай - 55. Алена Барыла распавяла пра тых, з кім вядзецца праца: "Гэтыя людзі, выйшаўшы са сцен бальніцы пасля рэабілітацыі, вярнуліся ў сацыум, у сям'ю, але апынуліся да гэтага не гатовыя. І яны самі, і іх блізкія. Некаторыя наогул жывуць адны - у іх няма падтрымкі. Пакуль што наша грамадства стыгматызаванае ў адносінах да псіхічна хворых людзей. Але што яшчэ горш, самі яны не вераць у сябе. Гэта мы і хочам пераламіць".
Штодня з 9 раніцы і да 5 вечара члены клубнага дома збіраюцца разам і сумесна вырашаюць, хто чым будзе займацца. Усе актыўнасці дзеляцца па трох групах: офісная секцыя (праца з камп'ютарам, інтэрнэтам, уключаючы пошук партнёраў і спонсараў, супрацоўніцтва са СМІ і інш.), секцыя працаўладкавання і навучання, секцыя абслугоўвання клубнага дома. За пару месяцаў "Крылы надзеі" знайшлі сабе нямала партнёраў: маладыя дызайнеры і мастакі супольнасці "Кухня 33" дапамаглі аформіць памяшканні, праграмісты
"Лічбавай майстэрні" цяпер працуюць над сайтам клубнага дома. Праведзены сумесныя мерапрыемствы з арт-цэнтрaм VZAP і рэгіянальным падраздзяленнем YMCA, і гэта супрацоўніцтва працягнецца, як і сяброўства з валанцёрамі Віцебскага медуніверсітэта і іншымі неабыякавымі. Сярод іх, дарэчы, вядомы матывацыйны трэнер, бізнэсмэн, заснавальнік дабрачыннага фонду дапамогі дзецям-інвалідам "Павер у сябе" Аляксей Талай, які стаў спецыяльным госцем на адкрыцці. Таксама ў планах у клубнага дома ўкараніць у сябе вопыт і методыкі працы аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі Віцебскага абласнога клінічнага цэнтра псіхіятрыі і наркалогіі, пра якое на мерапрыемстве расказала загадчыца дадзеным аддзяленнем.Віцебск - трэці горад Беларусі, дзе з'явілася рэабілітацыйная служба для людзей з праблемамі псіхічнага здароўя. Аналагічныя ўжо створаны ў Мінску і Брэсце, на чарзе - Гродна. Рэалізатарамі праекта "Клубны дом" у Беларусі выступаюць грамадская арганізацыя "Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў", а таксама парытэтны сацыяльны псіхіятрычны цэнтр і клубны дом "Ластаўкіна гняздо" з нямецкага Мюнхена пры падтрымцы фонду "Акцыя - чалавек" (Германія). Праект Віцебскага клубнага дома разлічаны на 20 месяцаў, пасля чаго гэты дом для рэабілітацыі зможа працягнуць сваё існаванне, калі знойдзе неабходную падтрымку, а ў ідэале - атрымае дзяржаўны сацыяльны заказ. Мадэль "Клубны дом" даказала сваю эфектыўнасць, таму шырока распаўсюджана ў свеце. Як адзначыла на адкрыцці выканаўчы дырэктар ГА "Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў" Алена Станіслаўчык, гэтай мадэлі ўжо больш за 60 гадоў, і яна распаўсюджана амаль у 50 краінах, дзе дзейнічае звыш 200 клубных дамоў.
Кацярына Князева. Фота Аляксандра Хітрова – БЕЛТА.