Кніга ўспамінаў Героя Савецкага Саюза Леаніда Філіпенкі прэзентавана ў Віцебску
Прэзентацыя кнігі ваенных мемуараў удзельніка ВАВ, Героя Савецкага Саюза, Ганаровага грамадзяніна Віцебска Леаніда Філіпенкі "Споведзь перад унукамі" адбылася сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Кніга ўключае больш за 20 навелаў і выдадзена да стагоддзя з дня нараджэння Леаніда Філіпенкі. Сам аўтар не дажыў да юбілею двух гадоў. Задумку ўвасобіла ў жыццё дачка героя, кандыдат педагагічных навук Святлана Гаранічава. Яна падкрэсліла, што бацька прайшоў усю вайну ад першага да апошняга дня: ваяваў пад Сталінградам, вызваляў Беларусь, Польшчу і Усходнюю Прусію ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, сустрэў Перамогу ля сцен Кёнігсберга. "Прайшоўшы цяжкія выпрабаванні, бацька доўгія гады не мог гаварыць пра вайну, - успамінае Святлана Гаранічава. - Пасля сустрэч са студэнтамі і школьнікамі, дзе даводзілася ўспамінаць тыя страшныя дні, літаральна станавіўся хворым. І таму стараўся абыходзіць гэту тэму. Толькі ў апошнія гады жыцця, калі боль прайшоў, стаў пісаць апавяданні. У гэтым пачынанні яго падтрымліваў абласны Савет ветэранаў. Апошнюю главу кнігі ён напісаў літаральна за месяц да смерці".
Па словах дачкі, перад смерцю Герой Савецкага Саюза завяшчаў ёй давесці працу да канца. Кніга ваенных мемуараў Леаніда Філіпенкі ўбачыла свет 27 студзеня 2014 года, якраз у дзень памяці Ганаровага грамадзяніна Віцебска. "У кнізе жорсткая праўда пра вайну, - дадала дачка Леаніда Філіпенкі. - Тут адлюстраваны малавядомыя старонкі таго перыяду: сыход нашых войскаў з Віцебска, эвакуацыя фабрыкі імя КІМ і, вядома ж, успаміны пра дзень 9 мая 1945 года".
Леанід Мікалаевіч Філіпенка нарадзіўся 5 сакавіка 1914 года ў вёсцы Варвароўка Новаўкраінскага раёна Кіраваградскай вобласці ў сялянскай сям'і. Да Вялікай Айчыннай вайны скончыў рабфак і працаваў на Віцебскай панчошна-трыкатажнай фабрыцы імя КІМ. Званне Героя Савецкага Саюза Філіпенку прысвоена за бой ва Усходняй Прусіі ў лютым 1945 года. Пасля выхаду ў запас у 1960 годзе Леанід Мікалаевіч працаваў начальнікам штаба грамадзянскай абароны фабрыкі КІМ. Быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, трыма ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, ордэнам Айчыннай вайны II ступені, медалямі.
Алена Ціханава