Кніга пра вядомых ураджэнцаў Сенненшчыны будзе выпушчана да абласных "Дажынак" у райцэнтры
Выданне надрукавана друкарняй ВДУ імя П. Машэрава тыражом 159 экзэмпляраў і ўключае ў сябе рэдкі краязнаўчы матэрыял аб вядомых людзях раёна. Па сутнасці гэта біяграфічны даведнік.
Гэта ўжо другая кніга 23-гадовага выпускніка гістарычнага факультэта віцебскага дзяржуніверсітэта, а цяпер магістранта. Першая – «Полымя (Беліца) гісторыя маёнтка і вёскі» – выдадзена летась за ўласныя сродкі і распавядае аб адным з самых вядомых сядзібных комплексаў Сенненшчыны. Гісторык родам з райцэнтра і яшчэ са школьных гадоў цікавіцца краязнаўствам і збірае інфармацыю аб сваёй малой радзіме.
Першыя накідкі кнігі з'явіліся чатыры гады таму – падчас святкавання 570-годдзя першага згадвання Сенна ў летапісе ў раённай газеце «Голас Сенненшчыны» выйшаў артыкул Аляксандра Бараноўскага аб дзесяці выдатных людзях раёна. Далей – больш.
Аляксандр папрацаваў з матэрыяламі абласнога архіва, дакументальнай хронікай «Памяць», пагартаў падшыўкі газет, энцыклапедыі, знайшоў патрэбныя мемуары і ўспаміны, сустрэўся з некаторымі героямі кнігі, якая планавалася. У выніку ў яе ўвайшлі 64 біяграфіі людзей, якія адзначыліся ў палітыцы і дзяржаўнай дзейнасці, спорце, культуры, навуцы.
Сярод іх Пётр Машэраў, Аляксандр Гаравец, Заір Азгур, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў Віктар Куранцоў, герой ГДР, дыпламат Пётр Абросімаў, былы начальнік БелЖД Яўген Валадзько, народная артыстка БССР Зінаіда Канапелька, паэт, кінасцэнарыст Анатоль Велюгін.
Сярод малавядомых ураджэнцаў Сенненшчыны – магістр прыкладной матэматыкі Іпаліт Еўневіч, доктар гістарычных навук, прафесар Пётр Галуза, латышскі паэт і празаік Эдуард Саленіек.
Аляксандр Кутынко, «Віцебскія весці».