Кнігу «Юстыцыя Віцебшчыны: гісторыя даўжынёй у век» прэзентавалі ў галоўным упраўленні юстыцыі аблвыканкама

Друкаванае выданне «Юстыцыя Віцебшчыны: гісторыя даўжынёй у век» было прадстаўлена ў галоўным упраўленні юстыцыі аблвыканкама напярэдадні Дня юрыста. Праца над кнігай вялася практычна год. Была праведзена каласальная праца: вывучана велізарная колькасць архіўных матэрыялаў і дакументаў. У падрыхтоўцы артыкулаў да друку ўдзельнічалі не толькі работнікі ўпраўлення, але і тыя, хто летапіс рэгіёну вывучае шмат гадоў, у тым ліку доктар гістарычных навук, прафесар Дзяніс Дук.

Любая гісторыя – гэта людзі. Таму ў кнізе з'явіўся раздзел «З першых вуснаў». Гэта ўспаміны кіраўнікоў упраўлення, якія ў розныя перыяды выконвалі важную задачу — рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы юстыцыі. Сярод іх Уладзімір Мядзведзеў, Віктар Праннік, Анатоль Лескавец.

— Сёлета ведамства падвяло рысу пад сваёй стогадовай гісторыяй. Юстыцыя Віцебскай вобласці мае сваю асаблівасць, — адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення юстыцыі Сяргей Канапелька. — Калі ў іншых рэгіёнах адлік гісторыі дадзеных органаў дзяржаўнага кіравання вядзецца з часу ўтварэння Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, то ў нас ён пачынаецца некалькі раней. Так, 15 снежня 1917 года было прынята «Палажэнне аб кіраўніцтве Віцебскай губерняй», згодна з якім вышэйшым органам улады і самакіравання стаў Віцебскі губернскі Савет сялянскіх, рабочых, салдацкіх і батрацкіх дэпутатаў (губсаўдэп), які складаўся з 11 секцый, у тым ліку секцыі юстыцыі. 30 верасня 1918 года быў утвораны аддзел юстыцыі. У яго структуры знаходзілася чатыры пададзелы: судовы, следчы, натарыяльны, карны.

За мінулае стагоддзе органы юстыцыі вобласці перажылі мноства пераўтварэнняў і рэарганізацый. Усё гэта знайшло адлюстраванне ў друкаваным выданні.

— Дадзеная кніга можа стаць стартавай пляцоўкай у юрыспрудэнцыі для тых, хто толькі прыйшоў у гэтую сферу, — сказаў Віктар Праннік. – Думаю, кожнаму будзе карысна азнаёміцца з гісторыяй сваёй прафесіі.

— Органы юстыцыі нашай вобласці ўносяць значны ўклад у забеспячэнне эфектыўнасці выканаўчай вытворчасці, удасканаленне натарыяльнай і адвакацкай дзейнасці, архіўнай справы і справаводства, павышэнне прававой культуры ў грамадстве, — дадаў Сяргей Канапелька. — Можна з упэўненасцю сцвярджаць, што юстыцыя Віцебскай вобласці займае годнае месца ў сістэме ведамства, на высокім прафесійным узроўні вырашае складаныя і шматграневыя задачы, працягвае ўносіць свой уклад у агульную важную справу — фарміраванне прававой дзяржавы.

Напярэдадні прафесійнага свята лепшыя работнікі атрымалі ганаровыя граматы ад Міністэрства юстыцыі і Віцебскага аблвыканкама.

"Віцебскія весці".