«Кніжныя масты» злучаць Віцебск і Пскоў

"Книжные мосты" соединят Витебск и Псков

"Кніжныя масты" злучаць Віцебск і Пскоў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара Віцебскай абласной бібліятэкі імя У.Леніна Таццяна Адамян.

Сумесны праект "Кніжныя масты" рэалізуюць Віцебская абласная бібліятэка імя Леніна і Пскоўская абласная ўніверсальная навуковая бібліятэка ў адпаведнасці з пагадненнем аб супрацоўніцтве, падпісаным установамі ў 2010 годзе ў мэтах узаемнага ўзбагачэння культур, развіцця міждзяржаўнай інфармацыйнай прасторы, садзейнічання прафесійнаму развіццю спецыялістаў бібліятэк-партнёраў.

20-22 лістапада Віцебск наведае дэлегацыя прыгранічнага расійскага рэгіёну. "Іх візіт з'яўляецца адным з мерапрыемстваў праекта "Кніжныя масты" і найважнейшай лістападаўскай падзеяй для віцебскіх бібліятэкараў", - адзначыла Таццяна Адамян. Насычаная праграма знаходжання пскавічоў уключае знаёмства з найважнейшымі культурнымі аб'ектамі Віцебска, арганізацыяй працы бібліятэк горада і ўдзел у круглым стале "Сучасныя бібліятэкі: грані супрацоўніцтва". Апошняе мерапрыемства ўяўляе асаблівую цікавасць для двух бакоў, бо дазволіць калегам абмеркаваць інавацыі ў бібліятэчнай справе, падзяліцца сваімі дасягненнямі, абмеркаваць актуальныя праблемы і пытанні, а таксама выпрацаваць план узаемадзеяння на 2013 год.

Акрамя таго, пскоўскім бібліятэкарам будзе прадстаўлены біябібліяграфічны паказальнік вядомага беларускага драматурга Аляксея Дударава. Выданне ўключае найменні звыш 1 тыс. крыніц, звязаных з жыццём і творчасцю гэтага аўтара.

Таццяна Адамян падкрэсліла значнасць супрацоўніцтва паміж віцебскай і пскоўскай бібліятэкамі. "У нас сфармавалася зладжаная сістэма ўзаемнага абмену вопытам у бібліятэчна-інфармацыйнай сферы, розных напрамках культурнай дзейнасці, у тым ліку распрацоўцы супольных мэтавых і іншых праграм, праектаў, накіраваных на развіццё культурнага, інфармацыйнага, адукацыйнага патэнцыялу нашых абласцей. Рэгулярна праводзяцца супольныя мерапрыемствы ў галіне бібліятэказнаўства, бібліёграфазнаўства, кнігазнаўства. Абмеркаванне праблем, якія маюць узаемную цікавасць, дазваляе павысіць прафесійны ўзровень бібліятэчных спецыялістаў і спрыяе прыцягненню чытачоў", - адзначыла яна.