Княгіня Вольга на кані і шагалаўскія закаханыя ў небе далі старт святкаванню дня горада Віцебска

25 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Княгіня Вольга на кані і шагалаўскія закаханыя ў небе далі старт святкаванню дня горада Віцебска, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Віцебскія рэжысёры задумалі і ажыццявілі незвычайна прыгожую, з мноствам спецэфектаў тэатралізаваную пастаноўку адкрыцця. Месцам яе правядзення была выбрана нядаўна адкрытая Васкрэсенская плошча, якая знаходзіцца за 300 метраў ад месца, дзе Віцьба ўпадае ў Заходнюю Дзвіну і дзе, па паданні, княгіняй Вольгай быў закладзены град Віцебск. Легендарная заснавальніца са сваёй світай зноў з'явілася ў горадзе, нагадала аб тым, як яна загадала пабудаваць тут замак, і атрымала ў падарунак ад старшыні гарвыканкама Віктара Нікалайкіна букет чырвоных руж. А вось падарыць кветкі Марку і Беле Шагал аказалася няпроста. Бо знакаміты мастак і яго муза ўзняліся ў віцебскім небе, як на яго знакамітай карціне "Над горадам", дзе закаханая пара пралятае над дахамі Віцебска. Дарэчы, пакуль закаханыя ляталі, на тых самых дахах ігралі скрыпачы. Старшыня Віцебскага гарвыканкама на ўрачыстым адкрыцці свята адзначыў, што дата правядзення Дня горада выбрана гараджанамі невыпадкова. Бо 66 гадоў таму, 26 чэрвеня 1944 года горад быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Старажытны і вечна малады Віцебск з добрым настроем сустракае сваё свята. За студзень-май бягучага года тэмпы росту вытворчасці прамысловай прадукцыі склалі 110,5%, спажывецкіх тавараў - 107,45%. Нарошчванне вытворчых аб'ёмаў актыўнымі тэмпамі ідзе на ААТ "Віцебскія дываны", ААТ "Віцебскі мясакамбінат", "Чырвоны Кастрычнік", кандытарскім камбінаце "Віцьба". Да свайго Дня нараджэння горад падрыхтаваўся грунтоўна: адрамантаваны цэнтральныя гарадскія вуліцы, актыўна ідзе добраўпарадкаванне паркаў і дваровых тэрыторый. Упершыню гараджане могуць гуляць па набярэжных - іх будаўніцтва завяршаецца ўздоўж Віцьбы і Заходняй Дзвіны. Расце колькасць аб'ектаў грамадскага харчавання, магазінаў. Толькі з пачатку года адкрылася 27 аб'ектаў гандлю агульнай плошчай 2,6 тыс. кв.м. Святочныя гулянні пройдуць у Віцебску на працягу двух дзён. На ўрачыстасці прыбылі прадстаўнікі гарадоў-пабрацімаў, дыпламатычных місій замежных дзяржаў, абласных цэнтраў Беларусі, горада Мінска, кіраўнікі раёнаў і гарадоў вобласці.-0-