Кава, гарбата, піва і квас сталі галоўнымі славутасцямі новых турыстычных маршрутаў па Віцебску

19 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. "Смачныя" туры з'явіліся ў Віцебску. Кава, гарбата, піва і квас сталі галоўнымі славутасцямі новых турыстычных маршрутаў па абласным цэнтры, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар турысцка-экскурсійнага прыватнага даччынага ўнітарнага прадпрыемства "Віцебсктурыст" Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Людміла Сенькоўская. Знаўцам хмельнага напою прапануецца наведаць "Піўны рай". Тур пад такой назвай пазнаёміць з гісторыяй піваварства на Віцебшчыне, якая, дарэчы, бярэ свой пачатак з XIX стагоддзя, раскажа пра традыцыі, звязаныя з гэтым напоем, і, вядома, не абыдзецца без дэгустацыі. Акрамя піва, да стала будуць падавацца спецыяльныя закускі, якія выпускаюць мясцовыя прадпрыемствы і рыхтуе рэстаран, а жадаючыя змогуць пачаставацца сапраўдным квасам. Горад, як аказалася, мае яшчэ і прысмак кавы. Маршрут "Віцебск са смакам кавы" пазнаёміць з арыстакратычнымі традыцыямі гэтага губернскага горада, раскажа пра свецкае жыццё і пакажа месцы, дзе здзяйснялі вячэрні праменад правінцыйныя паважаныя сем'і. А пасля прагулкі турыстаў чакае духмяная кава ці гарбатная цырымонія. Усе гэтыя маршруты сертыфікаваны і ўжо атрымалі адабрэнне першых турыстаў. Па словах Людмілы Сенькоўскай, стварэнне незвычайных маршрутаў прадыктавана патрэбамі адпачывальнікаў. Традыцыйныя экскурсіі па гістарычных мясцінах з аглядам славутасцяў саступаюць месца тэматычным маршрутам.-0-