«Калі ўсюды наводзіцца прыгажосць, бяздзейнічаць сорамна». Як браслаўскі бізнес уключыўся ў падрыхтоўку да «Дажынак»

Браслаў, як і іншыя населеныя пункты раёна, паступова, але ўпэўнена набываюць усё больш дагледжаны і нават, калі хочаце, еўрапейскі выгляд. «Дажынкі» відавочна ідуць на карысць найпрыгажэйшаму месцу рэспублікі. Літаральна кожны дзень у горадзе з'яўляюцца новыя аб'екты рознага прызначэння, прыгажэюць дамы старой забудовы, добраўпарадкаваюцца двары. Дарэчы, у актыўную падрыхтоўку разам з будаўнікамі і камунальнікамі ўліваюцца і мясцовыя жыхары, не стаяць убаку ад агульных пераўтварэнняў прыватнікі.Рахманыя індывідуальныя прадпрымальнікі з разуменнем справы паставіліся да добраўпарадкавання горада і паспяшаліся навесці парадак каля сваіх аб'ектаў. У кагосьці гэта была запланаваная штогадовая праца, а хтосьці натхніўся менавіта падрыхтоўкай да правядзення абласнога свята працаўнікоў вёскі і ўвасобіў у жыццё свае даўнія праекты.

Па-сапраўднаму прыкрай быў выгляд былой крамы «Вясковы». З новым гаспадаром аб'ект, не змяняючы гандлёвага прызначэння, здабыў і новае жыццё. Будынак на аўкцыёне выкупіла ТАА «Вакх-альянс». Карысць ад такой набытку трайная: прадпрымальнікі развіваюць свой бізнес, жыхары мікрараёна атрымліваюць прадуктовы магазін у крокавай даступнасці, горад — дагледжаную тэрыторыю. Цяпер будаўнічыя работы на стадыі завяршэння, і днямі, абяцаюць гаспадары, гандлёвы аб'ект адкрые дзверы пакупнікам. У будынку цалкам перарабілі фасад, абліцавалі яго пліткай. Па-новаму выглядае і ўваходная група, дзе з'явіўся аб'ёмны казырок, прадугледжаны элементы безбар'ернага асяроддзя. Для транспарту абсталяваны паркоўкі — для ровараў і аўтамабільная, разлічаная на 6 месцаў, таксама знайшлося месца для клумбы. Паступова тут абновіцца плот і бакавыя сцены крамы. Дарэчы, каля іншых гандлёвых кропак «Вакх-альянса», адна з якіх, напрыклад, знаходзіцца на вуліцы Кастрычніка, таксама заўсёды чысціня і парадак.

Многія, думаю, памятаюць, як доўга да з'яўлення кафэ «Пяно» і крамы «Поплавок» на пустынным пятачку каля КБА віднеўся толькі фундамент. З часам тут з'явіўся цэлы шэраг аб'ектаў, адзін з якіх пабудавалі зусім нядаўна. Шчыра кажучы, яшчэ на этапе будаўніцтва не ўяўлялася, як пабудовы будуць выглядаць на фоне агульнай гарадской карціны. Аднак упісаліся пабудовы нядрэнна, асабліва з улікам праведзенага добраўпарадкавання тэрыторыі.
Супольна прадпрымальнікі, а гэта Мікалай Герцаў і Максім Левянкоў, па завяршэнні будаўнічых работ пазабавіліся аб прыгажосці і зручнасці для гараджан і гасцей Браслава. Цяпер тут арганізаваны і пасеяны газон, высаджаны туі, атмасферу ўтульнай і спакойнай вулачкі ствараюць ліхтары. Так гаспадарскі падыход прыватнікаў вызначыў адзіны стыль і канчатковы выгляд былога пустазелля.

Добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю каля крамы «Востраў чысціні» (і частку гарадской зямлі) арэндадаўца гэтага будынка Антон Чырвоны збіраўся даўно, аднак усё не хапала то сродкаў, то сілаў. Прадпрымальнік прызнаецца: калі ўсюды наводзіцца прыгажосць, бяздзейнічаць сорамна, таму даўно запланаваныя ідэі пачалі рэалізоўвацца. Яшчэ пару тыдняў таму тратуар на гэтым ажыўленым участку вуліцы Садовай уяўляў сабой плачэўнае відовішча: біты асфальт і суцэльныя ямы. Цяпер жа тут акуратная дарожка з пліткі, якая ідзе не толькі ўздоўж крамы, але і спускаецца на паварот да гарадскога рынку, пасаджаны газон, з'явілася і стаянка на 8 паркавальных месцаў. У планах у А. Чырвонага і рамонт на другім паверсе належнага яму будынка.
Не застаюцца незаўважанымі і ініцыятывы іншых прадпрымальнікаў. Гандлёвыя кропкі ЧУП «ЗвездаАрктур», да прыкладу, хоць і не ў цэнтры горада, аднак таксама вылучаюцца клопатам аб пакупніках і добраўпарадкаваннем.

Цяпер у раёне праводзіцца месячнік па навядзенні парадку на зямлі, не за гарамі «Дажынкі», але не толькі ў сувязі з гэтым важна падтрымліваць прыгажосць і чысціню: гэта ў першую чаргу неабходна для камфорту, зручнасці і гонару нас саміх, браслаўчан.