Коласаўцы да Міжнароднага дня тэатра прадставяць прэм'ерны вечар беларускіх вадэвіляў
24 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я. Коласа да Міжнароднага дня тэатраў падрыхтаваў прэм'ерны вечар беларускіх вадэвіляў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА загадчыца літаратурнай часткай гэтай установы культуры Святлана Дашкевіч.
Вясёлы калейдаскоп вадэвіляў у пастаноўцы Міхаіла Краснабаева ўключае "Мікітаў лапаць" Міхася Чарота, "Конскі партрэт" Леапольда Радзевіча і "Прымакі" Янкі Купалы. Пастаноўкі прысвечаны вечным тэмам: любові і здрадзе, марам пра шчасце. Класічныя сюжэты для тэатралаў Віцебска выканаюць Таццяна Ліхачова, Валянцін Салаўёў, Генадзь Гайдук, Георгій Лойка, Святлана Жукоўская і іншыя коласаўцы. Прэм'ера спектакля, аб'яднанага агульнай назвай "Жарты", адбудзецца 26 і 28 сакавіка.
Непасрэдна ў Міжнародны дзень тэатра 27 сакавіка на коласаўскай сцэне будзе прадстаўлена візітная картка тэатра - спектакль "Несцерка" Віталя Вольскага. Прэм'ера пастаноўкі адбылася ў 1941 годзе, аднак цікавасць гледачоў да яе не згасае.-0-