Колькасць ДТЗ па віне п'яных кіроўцаў у Віцебскай вобласці знізілася ў студзені-жніўні на 37,8%

8 верасня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. У Віцебскай вобласці колькасць ДТЗ з удзелам нецвярозых кіроўцаў у студзені-жнівні знізілася ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года на 37,8%, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзяленні агітацыі і прапаганды ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама. Па віне п'яных кіроўцаў адбылося 46 аварый, у якіх загінулі дзевяць чалавек (менш у параўнанні са студзенем-жнівнем 2009 года на 43,8%) і 48 паранена (на 47,8% менш). Усяго за восем месяцаў на дарогах вобласці зафіксавана 454 ДТЗ, што практычна адпавядае аналагічнаму ўзроўню мінулага года, ахвярамі сталі 80 чалавек (менш на 35%) і 473 (на 0,4% больш) атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці. Характэрна, што практычна пятая частка ўсіх здзейсненых ДТЗ адбылася з удзелам маладых кіроўцаў, стаж кіравання якіх складае адзін-два гады, адзначылі ў ДАІ. Пешаходы за мінулы перыяд сталі прычынай 97 аварый, на іх рахунку 22 загінулых (менш на 8,3%) і 76 паранена (больш на 33,3%). Сярод гарадоў найбольш высокі ўзровень аварыйнасці адзначаецца ў Віцебску і Оршы. Сярод раёнаў - у Сенненскім, Глыбоцкім, Полацкім. Асноўнымі прычынамі ДТЗ з'яўляюцца парушэнні кіроўцамі хуткасных рэжымаў, правілаў манеўравання, непадпарадкаванне сігналам святлафораў. У мэтах зніжэння колькасці дарожна-транспартных здарэнняў супрацоўнікі ўпраўлення ДАІ УУС Віцебскага аблвыканкама рэгулярна праводзяць рэйдавыя мерапрыемствы, акцыі, накіраваныя на розныя катэгорыі ўдзельнікаў дарожнага руху, выступаюць у калектывах устаноў адукацыі, аўташколах, на прадпрыемствах і ў арганізацыях. Шырокая інфармацыйная праца праводзіцца ў сродках масавай інфармацыі. Сваю аддачу гэты комплекс мерапрыемстваў прыносіць у выглядзе змяншэння колькасці загінулых на дарогах і росту ўзроўню адказнасці ў кіроўцаў, упэўнены ў ДАІ.-0-