Колькасць зваротаў у Віцебскі аблвыканкам па пытаннях аховы здароўя скарацілася амаль на 35%
17 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Колькасць зваротаў грамадзян у Віцебскі аблвыканкам у студзені-ліпені бягучага года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года па пытаннях аховы здароўя скарацілася амаль на 35%, але вырасла на 76% па праблемах будаўніцтва, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА кіраўнік справамі Віцебскага аблвыканкама Аляксей Мацюшко.
За сем месяцаў 2011 года ў аблвыканкам паступіла 2,1 тыс. пісьмовых і вусных зваротаў грамадзян, што складае 80% да ўзроўню студзеня-ліпеня 2010 года. Колькасць паўторных зваротаў скарацілася больш чым на траціну, прычым з 48 паступіўшых толькі 6 паўторных зваротаў былі прызнаны абгрунтаванымі, па іх прыняты неабходныя меры.
Гаворачы пра структуру паступіўшых зваротаў, Аляксей Мацюшко канстатаваў, што пераважнымі па-ранейшаму з'яўляюцца пытанні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, жыллёвага заканадаўства, а таксама працы, занятасці і сацыяльнай абароны, на якія прыпадае 29,3%, 13,2% і 7,7% скаргаў адпаведна. У параўнанні з 7 месяцамі 2010 года адбылося скарачэнне зваротаў па ўсіх блоках пытанняў акрамя будаўніцтва, адукацыі і навукі, правапарадку, па якіх адзначаны рост на 76,3%, 4,8%, 1,7% адпаведна.
Больш чым на 20% адбылося зніжэнне зваротаў па пытаннях ЖКГ. Аднак людзей працягваюць турбаваць пытанні тэрмінаў і якасці капітальнага рамонту жылога фонду, добраўпарадкавання, водазабеспячэння. Як лічыць Аляксей Мацюшко, многіх пытанняў можна было б пазбегнуць, калі б мясцовыя органы ўлады своечасова інфармавалі людзей і давалі аб'ектыўную інфармацыю аб тэрмінах правядзення работ, а таксама вялі жорсткі кантроль за выкананымі падраднымі арганізацыямі работамі.
У бягучым годзе аблвыканкам адзначае значнае памяншэнне зваротаў па пытаннях аховы здароўя - амаль на 35%, пры гэтым абгрунтаваных скаргаў на працу медыкаў у бягучым годзе не паступала. Гэтаму спрыялі прынятыя меры па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы лячэбных устаноў рэгіёна.
На думку Аляксея Мацюшко, папярэджанню росту колькасці зваротаў спрыяюць прамыя тэлефонныя лініі, якія штотыдзень праводзяцца кіраўніцтвам аблвыканкама і яго структурных падраздзяленняў. За сем месяцаў старшынёй аблвыканкама, яго намеснікамі праведзена 26 "прамых тэлефонных ліній", падчас якіх звярнуліся больш за 600 чалавек. У аблвыканкаме таксама створаны тэлефон "гарачай лініі", на які грамадзяне могуць патэлефанаваць у выпадку праблем, што не цярпяць адкладання. З пачатку года на "гарачую лінію" патэлефанавалі 142 чалавекі.-0-