Колькасць пісьмовых зваротаў у Віцебскі аблвыканкам знізілася на 30%
Перад пачаткам прамой лініі старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарснёў пацікавіўся ў начальніка аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб аблвыканкама Ілоны Шульгі, наколькі эфектыўныя прамыя лініі.
"Адзначаецца зніжэнне пісьмовых зваротаў грамадзян, іх колькасць паменшылася дзесьці на 30%, - сказала Ілона Шульга. - У 25-30% выпадкаў патрабаванні грамадзян задавольваюцца, абсалютная большасць адказаў носіць тлумачальны характар, частка зваротаў застаюцца на кантролі". Мікалай Шарснёў праінфармаваў прысутных на прамой лініі кіраўнікоў камітэтаў і ўпраўленняў аблвыканкама, а таксама старшыняў гарадскіх і раённых выканкамаў (яны працавалі на месцах у рэжыме відэаканферэнцсувязі) аб тым, што даў распараджэнне свайму памочніку пасля таго, як паступае справаздача аб выкананні даручэння губернатара, асабіста звязвацца з заяўнікам і даведвацца, як вырашана пытанне.
"Водгукі ў асноўным ідуць станоўчыя. Часта там, дзе рашэнне праблемы не патрабуе вялікіх затрат, усё выпраўляецца аператыўна, - сказаў кіраўнік рэгіёна. - Мы сістэматызавалі тыя скаргі, якія паступаюць. Абсалютная большасць пастаўленых пытанняў ставіцца да кампетэнцыі органаў мясцовай улады".
У пацвярджэнне сваіх слоў Мікалай Шарснёў прывёў некалькі прыкладаў праблем, якія былі агучаны падчас яго папярэдняй прамой лініі, -
навядзенне парадку на могілках, устаноўка поручня на лесвіцы, высечка аварыйных дрэў і г.д. Памочнік старшыні аблвыканкама Аляксандр Сысоеў у сваю чаргу адзначыў, што кантроль выканання даручэнняў ідзе пастаянна.
"Некаторыя праблемы вырашаюцца ў гэты ж дзень з прычыны таго, што на прамой лініі прысутнічаюць кіраўнікі камітэтаў і ўпраўленняў", - канстатаваў памочнік губернатара. На прамой тэлефоннай лініі са старшынёй аблвыканкама сёння прынята больш за 20 званкоў. Гучалі звароты аб стварэнні ўмоў для развіцця масавага спорту, фінансаванні хакейнага клуба "Хімік", аптымізацыі і аб'яднанні прадпрыемстваў, рамонце дамоў, прыватызацыі жылля, пракладцы камунікацый да мікрараёна індывідуальнай жылой забудовы, землекарыстанні, запазычанасці па заробках і дзіцячых дапамогах, аплаце ЖКП, завышаным кошце наведвання лазні, а таксама паслуг аднаго з аператараў кабельнага тэлебачання. У кожную сітуацыю Мікалай Шарснёў унікаў дэталёва, пры неабходнасці падключаў да размовы старшынь райвыканкамаў, кіраўнікоў падраздзяленняў аблвыканкама.
Алена Ціханава, БЕЛТА.