Колькасць плацежных тэрміналаў у гандлі Віцебскай вобласці з пачатку года вырасла на 22%
16 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Колькасць тэрміналаў для абслугоўвання банкаўскіх пластыкавых картак на аб'ектах гандлю і сэрвісу Віцебскай вобласці, паводле даных на 1 ліпеня 2010 года, узрасла на 22% у параўнанні з пачаткам года, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў галоўным упраўленні Нацыянальнага банка па Віцебскай вобласці.
За паўгода колькасць тэрміналаў, якія забяспечваюць безнаяўныя плацяжы, у арганізацыях гандлю і паслуг павялічылася з 2 663 да 3 250. У цэлым па вобласці колькасць тэрміналаў узрасла на 14,7% і дасягнула 4 785.
Пашырэнне інфраструктуры абслугоўвання пластыкавых картак забяспечыла рост безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем картак. У агульным аб'ёме аперацый па картках на долю безнаяўных плацяжоў прыпадае 11,6%. Прыкметная доля безнаяўных разлікаў з дапамогай картак у рознічным тавараабароце і ў аб'ёме платных паслуг павялічылася і, паводле даных на 1 ліпеня, склала 7,2% і 10,2% адпаведна.
Паводле даных ГУ Нацбанка па Віцебскай вобласці, у абарачэнні ў жыхароў рэгіёна знаходзіцца 994,6 тыс. банкаўскіх пластыкавых картак. Фактычна на 1 тыс. жыхароў прыпадае 810 пластыкавых картак. Расце і інфраструктура: калі на пачатку года на 10 тыс. жыхароў прыпадала 33 тэрміналы, то да ліпеня іх стала 46, колькасць банкаматаў узрасла на 8,3%, інфакасірак - на 11,8%.-0-