Колькасць пажараў у экасістэмах Віцебскай вобласці вырасла ў тры разы

Колькасць пажараў у экасістэмах Віцебскай вобласці сёлета павялічылася ўтрая. На неспрыяльнае становішча, што складваецца сёлета ў экалагічных сістэмах рэгіёна, звярнуў увагу начальнік Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Меляшкін падчас пасяджэння камісіі па надзвычайных сітуацыях пры аблвыканкаме.

"Па стане на сённяшні дзень з пачатку года ў вобласці адбылося 175 загаранняў, у тым ліку 123 загаранні травы і хмызнякоў на агульнай плошчы 76,2 га і 39 лясных пажараў на плошчы 69,3 га. Пры гэтым за ўвесь мінулы год у рэгіёне зафіксавана 45 пажараў у экасістэмах, за 2017 год - 50", - канстатаваў Сяргей Меляшкін.

Найбольшая колькасць узгаранняў травы і хмызнякоў адбылася ў Віцебску, Талачынскім, Віцебскім, Пастаўскім і Докшыцкім раёнах, лясных пажараў - у Полацкім, Браслаўскім, Расонскім, Міёрскім і Бешанковіцкім раёнах. Па словах Сяргея Меляшкіна, падраздзяленнямі МНС вобласці вывучаны стан гатоўнасці сіл і сродкаў лясгасаў да своечасовага выяўлення і ліквідацыі пажараў у лясах. Выяўлены шэраг недахопаў у арганізацыі работы, якія ўплываюць на магчымасць аператыўнага і эфектыўнага рэагавання ў выпадку здарэння.

"Мэта гэтай работы - дапамагчы выявіць і ўстараніць усе праблемныя моманты, а таксама наладзіць цеснае і плённае ўзаемадзеянне з лесагаспадарчымі арганізацыямі", - падкрэсліў кіраўнік ведамства.

БЕЛТА.