Колькасць прадпрыемстваў-даўжнікоў бюджэту ў Віцебскай вобласці скарацілася на 22% з пачатку года
23 лістапада, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Колькасць юрыдычных асоб, якія маюць запазычанасць перад бюджэтам, скарацілася за студзень-кастрычнік у Віцебскай вобласці на 22% да 42 прадпрыемстваў. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў прэс-цэнтры абласной інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах.
Паводле даных на 1 лістапада, сумарная запазычанасць плацельшчыкаў па плацяжах у бюджэт склала Br7,5 млрд. і скарацілася з пачатку года на Br12,9 млрд. Асноўныя доўгі значацца за юрыдычнымі асобамі ўсіх форм уласнасці, якія не выканалі абавязацельствы перад бюджэтам на Br7,3 млрд. Запазычанасць індывідуальных прадпрымальнікаў і фізічных асоб складае адпаведна Br203 млн. і Br36,5 млн. Прынятыя падатковай службай меры па ліквідацыі запазычанасці дазволілі прыцягнуць у бюджэт Br235,1 млрд., што складае 6,8% ад агульнай сумы бюджэтных даходаў за дзесяць месяцаў. Станоўчай тэндэнцыяй у бягучым годзе з'яўляецца зніжэнне ўзроўню прымусовага спагнання плацяжоў, адзначылі ў прэс-цэнтры.
Усяго ў даход кансалідаванага бюджэту Віцебскай вобласці за студзень-кастрычнік паступіла амаль Br3,5 трлн., у тым ліку ў рэспубліканскі бюджэт больш Br1,8 трлн., або 95,5% да плана, у мясцовы бюджэт - звыш Br1,6 трлн., што складае 102,4% планавых паказчыкаў. У структуры даходаў кансалідаванага бюджэту вобласці каля 33,8% ад агульнага аб'ёму паступленняў прыпадае на акцызы, удзельная вага ПДВ склала 22,5%, падаходнага падатку - 12,3%, падатку на прыбытак - 8,5%.
Найбольшую долю плацяжоў забяспечваюць юрыдычныя асобы ўсіх форм уласнасці, якімі сфарміравана каля 96% даходаў бюджэту (у тым ліку дзяржаўнымі прадпрыемствамі 80%). Аб'ём падатковых плацяжоў індывідуальных прадпрымальнікаў складае 2,5%, плацяжы фізічных асоб займаюць каля 1,6% у агульным аб'ёме бюджэтных даходаў. Усяго ў фарміраванні даходнай часткі кансалідаванага бюджэту вобласці прымаюць удзел амаль 465 тыс. плацельшчыкаў, у тым ліку больш 16,8 тыс. юрыдычных асоб і амаль 30 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў.-0-