Колькасць праверак інспектараў працы ў Віцебскай вобласці ў 2009 годзе знізілася на 13,7%
25 студзеня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Колькасць праверак дзяржінспектараў працы ў Віцебскай вобласці ў 2009 годзе знізілася ў параўнанні з папярэднім годам на 13,7%, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА першы намеснік начальніка Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржінспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Сяргей Ануфрыеў.
У мінулым годзе інспектары працы рэгіёна правялі 2,9 тыс. праверак на 2,4 тыс. арганізацый, па выніках якіх выдадзена 2,3 тыс. прадпісанняў на ліквідацыю 29 тыс. парушэнняў. Пры гэтым эфектыўнасць кантрольных мерапрыемстваў значна павысілася. Усяго падчас іх правядзення па патрабаваннях супрацоўнікаў інспекцыі працы ад выканання работ адхілены 1,9 тыс. чалавек, забаронена эксплуатацыя 2,2 тыс. адзінак абсталявання, 54 участкаў, 3 цэхаў. За дапушчаныя парушэнні, якія пацягнулі выпадкі смяротнага і цяжкага траўматызму, па выніках спецыяльных расследаванняў у 2009 годзе скасаваны кантракты з 17 спецыялістамі, у тым ліку з адным кіраўніком і адным работнікам, які знаходзіўся на момант здарэння на працоўным месцы ў стане алкагольнага ап'янення.
У арганізацыях малога прадпрымальніцтва ажыццёўлена 950 праверак, або 33,3% іх агульнай колькасці. У ходзе іх правядзення выяўлена 9,4 тыс. парушэнняў (32,15%). Пры гэтым на гэтых прадпрыемствах пачалі фарміравацца станоўчыя тэндэнцыі. Так, за мінулы год тут абышлося без няшчасных выпадкаў са смяротным зыходам. Цяжкія траўмы на вытворчасці атрымалі пяць работнікаў, што на адзін факт менш, чым у 2008 годзе. Акрамя таго, больш увагі прадстаўнікі сферы малога прадпрымальніцтва ў 2009 годзе надавалі павышэнню ведаў па пытаннях аховы працы. У семінарах, нарадах і канферэнцыях, арганізаваных дзяржінспектарамі працы, прынялі ўдзел 2,7 тыс. кіраўнікоў і спецыялістаў малога бізнесу, 964 чалавекі з іх прайшлі атэстацыю па пытаннях аховы працы ў абласных і раённых камісіях.
У цэлым у большасці галін народнай гаспадаркі адзначаецца станоўчая тэндэнцыя ў вырашэнні пытанняў, звязаных з аховай працы. Нізкі ўзровень стану аховы працы, абумоўлены ў большасці выпадкаў арганізацыйнымі прычынамі, захоўваецца толькі ў шэрагу арганізацый аграпрамысловага комплексу камунальнай формы ўласнасці, дадаў суразмоўца.-0-