Колькасць разгледжаных у судах Віцебскай вобласці крымінальных спраў у I паўгоддзі скарацілася на 19%

18 жніўня, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Колькасць разгледжаных у судах Віцебскай вобласці крымінальных спраў у першым паўгоддзі бягучага года скарацілася на 19%, паведаміў журналістам старшыня Віцебскага абласнога суда Мікалай Хамічонак, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У параўнанні са студзенем-чэрвенем мінулага года колькасць разгледжаных крымінальных спраў значна паменшылася: з 3,7 тыс. да 3 тыс. На думку Мікалая Хамічонка, гэта сведчыць аб працяглым зніжэнні ўзроўню злачыннасці ў цэлым, а таксама аб пазітыўных працэсах, якія адбываюцца ў беларускім грамадстве.

Як адзначыў Мікалай Хамічонак, пры прызначэнні мер крымінальнай адказнасці беларускае правасуддзе зыходзіць з таго, што асуджэнне да пазбаўлення волі з'яўляецца выключнай мерай пакарання і на змену яму павінны прыходзіць альтэрнатыўныя віды, у першую чаргу штрафы. Разам з тым у апошні час суды бачаць праблему з выкананнем такога віду пакарання, як асуджэнне да абмежавання волі і выпраўленчых работ: прыкладна кожны трэці асуджаны ад іх ухіляецца. "У сувязі з гэтым суды маюць намер прымяняць такія віды пакарання, якія будуць выконвацца", - падкрэсліў Мікалай Хамічонак.

Судамі вобласці ў першым паўгоддзі бягучага года да пакарання ў выглядзе пазбаўлення волі асуджана 23% асоб, абмежавання волі - 13,8%, грамадскіх работ - 10%, выпраўленчых работ або штрафаў - па 8,7%. Гэтыя паказчыкі паменшыліся ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пры гэтым у першай палове бягучага года ўзрасла колькасць асуджаных да арышту да 19,7%.

Старшыня абласнога суда таксама адзначыў, што ў першай палове бягучага года апраўдальныя прысуды былі вынесены ў дачыненні да 19 асоб. У касацыйным і наглядным парадку адменена 47 прысудаў у дачыненні да 59 асоб, што складае 1,6% пастаноўленых судамі, зменена 54 прысуды ў дачыненні да 60 асоб (1,7% пастаноўленых). У першай палове мінулага года было адменена 1,1% прысудаў ад агульнай колькасці пастаноўленых, зменена 1,6%.

На думку Мікалая Хамічонка, якасць судовага следства шмат у чым залежыць ад папярэдняга следства. У сувязі з гэтым судовыя органы лічаць, што рашэнне кіраўніка дзяржавы аб стварэнні ў Беларусі Следчага камітэта дазволіць палепшыць якасць папярэдняга расследавання. "Следчы камітэт стане тым органам, які будзе збіраць як абвінаваўчую, так і апраўдальную базу, зыходзячы з прэзумпцыі невінаватасці", - упэўнены старшыня Віцебскага абласнога суда.-0-