Колькасць суб'ектаў малога прадпрымальніцтва ў Віцебскай вобласці расце
Паводле даных на 1 кастрычніка, у вобласці зарэгістравана амаль 30,9 тыс. суб'ектаў малога бізнесу (у тым ліку больш за 8,3 тыс. арганізацый і звыш 22,5 тыс. індывідуальных прадпрымальнікаў). За 9 месяцаў ад малога прадпрымальніцтва паступіла ў бюджэт больш за Br237 млн, што склала 18,4% плацяжоў, якія кантралююцца падатковымі органамі.
Самая важкая прыбаўка гэтага сектара эканомікі адбылася ў Віцебску, дзе ён павялічыўся на 385 суб'ектаў, а таксама ў Аршанскім раёне (плюс 120 суб'ектаў). Найбольш высокія тэмпы росту колькасці суб'ектаў малога прадпрымальніцтва адзначаюцца ў Бешанковіцкім (106,5%), Мёрскім (105,9%), Браслаўскім (105,5%) і Віцебскім (104,6%) раёнах.
Пры выбары формы прадпрымальніцкай дзейнасці будучага бізнесу ініцыятыўныя грамадзяне ў Віцебскай вобласці аддаюць перавагу статусу індывідуальнага прадпрымальніка. За 9 месяцаў колькасць індывідуальных прадпрымальнікаў вырасла на 944, або на 4,4%, і на 1 кастрычніка перавысіла 22,5 тыс. адзінак. За гэты ж час колькасць арганізацый - суб'ектаў малога бізнесу скарацілася прыкладна на 1% да 8,3 тыс. юрыдычных асоб. Паводле даных на 1 кастрычніка, у Віцебскай вобласці зарэгістравана 229 арганізацый сярэдняга бізнесу (колькасць працаўнікоў ад 101 да 250 чалавек), што на 7,7% менш, чым на пачатак 2019 года. Пры гэтым рост колькасці сярэдніх арганізацый адзначаецца ў шасці раёнах, яшчэ ў трох рэгіёнах іх колькасць не змянілася.