Колькасць тэрміналаў для безнаяўных плацяжоў у гандлі Віцебскай вобласці з пачатку года вырасла на 35%

11 лістапада, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Колькасць тэрміналаў для абслугоўвання банкаўскіх пластыкавых картак на аб'ектах гандлю і сэрвісу Віцебскай вобласці з пачатку бягучага года ўзрасла на 35%, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Галоўным упраўленні Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці. У параўнанні з 1 студзеня 2009 года колькасць тэрміналаў, якія забяспечваюць безнаяўныя плацяжы, у арганізацыях гандлю і паслуг павялічылася з 1734 да 2343 (па даных на 1 кастрычніка 2009 года). У цэлым па вобласці колькасць тэрміналаў узрасла на 22% і дасягнула 3748. Пашырэнне інфраструктуры абслугоўвання пластыкавых картак паўплывала на рост безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем картак. У агульным аб'ёме аперацый па картках на долю безнаяўных плацяжоў прыпадае 9,7%. Удзельная вага безнаяўных разлікаў з дапамогай картак у рознічным тавараабароце павялічылася з 3% на пачатак года да 4,5% на 1 кастрычніка, а ў аб'ёме платных паслуг узрасла з 7% да 8,6%. Па даных ГУ Нацбанка па Віцебскай вобласці, у абарачэнні жыхароў рэгіёна знаходзіцца 790 тыс. штук банкаўскіх пластыкавых картак. Фактычна на 1 тыс. жыхароў прыпадае 625 пластыкавых картак, а адзін тэрмінал - амаль на 400 жыхароў. -0-