Колькасць тэрміналаў для пластыкавых картак у гандлёвай сетцы Віцебскай вобласці ўзрасла за 2010 год на 60%
14 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Колькасць тэрміналаў для абслугоўвання банкаўскіх пластыкавых картак на аб'ектах гандлю і сэрвісу Віцебскай вобласці за 2010 год узрасла на 60%, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў галоўным упраўленні Нацбанка па Віцебскай вобласці.
На пачатак мінулага года ў аб'ектах гандлю і сэрвісу налічвалася больш за 2,6 тыс. тэрміналаў, да канца года іх колькасць перавысіла 4,2 тыс. Агульная колькасць тэрміналаў за мінулы год павялічылася на 42% і склала больш за 5,9 тыс., значная частка з іх (звыш 5,6 тыс.) забяспечвае безнаяўныя плацяжы.
Пашырэнне інфраструктуры абслугоўвання пластыкавых картак паўплывала на рост безнаяўных разлікаў з выкарыстаннем картак. У агульным аб'ёме аперацый па картках на долю безнаяўных плацяжоў прыпадае 11,2%. Удзельная вага безнаяўных разлікаў з дапамогай картак у рознічным тавараабароце і ў аб'ёме платных паслуг павялічылася і, паводле даных статыстыкі на 1 кастрычніка 2010 года, склала 7,3% і 10,2% адпаведна.
Паводле даных на 1 студзеня 2011 года, у абарачэнні ў жыхароў рэгіёна знаходзілася больш за 1 млн. банкаўскіх пластыкавых картак. Фактычна на 1 тыс. жыхароў прыпадае 886 пластыкавых картак, у той час як на 1 студзеня мінулага года іх было 698. У ГУ Нацбанка адзначаюць, што рост інфраструктуры апярэджвае рост колькасці пластыкавых картак. Калі на пачатку 2010 года на 10 тыс. жыхароў прыпадала 33 тэрміналы, то да 1 студзеня 2011 года іх стала 57, колькасць банкаматаў узрасла на 17%, інфакаскоў - на 35%.-0-