Колькасць турыстаў у аграэкасядзібах Віцебскай вобласці ў 2010 годзе павялічылася ў 1,6 раза

18 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Больш за 13 тыс. турыстаў наведалі аграэкасядзібы Віцебскай вобласці ў 2010 годзе - гэта ў 1,6 раза больш у параўнанні з 2009 годам. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму аблвыканкама Дар'я Мацкевіч. Гасцяць у аграэкасядзібах у асноўным беларусы, аднак колькасць замежных гасцей з кожным годам павялічваецца. Так, летась паслугамі сельскіх сядзіб скарысталіся прадстаўнікі 27 краін, пры гэтым колькасць замежных аматараў адпачынку на прыродзе павялічылася ў 1,7 раза ў параўнанні з 2009 годам і склала амаль 2 тыс. чалавек. Аб'ём паслуг суб'ектаў аграэкатурызму Віцебскай вобласці, аказаных летась, вырас на 80% да Br1,8 млрд. У вобласці дзейнічаюць 320 суб'ектаў аграэкатурызму, у тым ліку 311 фізасоб і 9 сялянска-фермерскіх гаспадарак. Віцебшчына з'яўляецца нязменным лідарам сярод іншых абласцей Беларусі па колькасці сельскіх сядзіб, а першапраходцамі гэтага віду турызму ў рэспубліцы сталі прадстаўнікі Лепельскага і Расонскага раёнаў. Калі ў 2006 годзе ў рэгіёне было зарэгістравана ўсяго пяць суб'ектаў аграэкатурызму, то ўжо ў 2008 годзе дзейнічалі 157 аграэкасядзіб, у 2009 годзе іх колькасць вырасла да 273. Найбольш актыўна аграэкатурызм развіваецца ў Браслаўскім раёне, дзе створана 117 сядзіб, а таксама Расонскім (27 сядзіб), Полацкім (25), Пастаўскім (21) і Глыбоцкім (20) раёнах. Усяго гэты від дзейнасці развіваецца ў 20 раёнах. У якасці рэкламна-інфармацыйнага суправаджэння турыстычнага патэнцыялу вобласці ў 2010 годзе выдадзены каталог аграэкасядзіб "Віцебшчына запрашае" за кошт сродкаў абласнога бюджэту. Для далейшага развіцця аграэкатурызму, уцягвання ў турыстычны абарот сельгаспрадпрыемстваў, ініцыятыўных сельскіх жыхароў аблвыканкамам распрацавана праграма "Пятьсот", якая прадугледжвае стварэнне ў вобласці ста аграэкасядзіб і агратурыстычных комплексаў за 2011-2015 гады.-0-