Калектыў музея-сядзібы Ільі Рэпіна «Здраўнёва» ўдастоены спецыяльнай узнагароды Саюзнай дзяржавы

Коллектив музея-усадьбы Ильи Репина «Здравнево» удостоен специальной награды Союзного государства
Спецыяльныя дыпломы Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы «За творчае ўвасабленне ідэй дружбы народаў Беларусі і Расіі» былі ўручаны на канцэрце «Саюзная дзяржава запрашае…» у рамках «Славянскага базару ў Віцебску».

Узнагароды атрымалі гендырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Уладзімір Пракапцоў, расійскі кампазітар, акцёр, спявак Глеб Матвейчук, народны артыст РСФСР Леў Лешчанка і, што асабліва для нас прыемна, калектыў супрацоўнікаў музея-сядзібы Ільі Рэпіна «Здраўнёва». Нястомнаму кіраўніку музея Аляксею Сухарукаву ўручыў дыплом Дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота. 

А крыху раней у гэты дзень у рамках Дня Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота наведаў музей-сядзібу Ільі Рэпіна «Здраўнёва». Сёлета адзначаецца 125 гадоў з часу набыцця мастаком гэтага маляўнічага месца пад Віцебскам, дзе ён правёў восем летніх сезонаў і напісаў серыю карцін, што сталі потым вядомымі, – «Беларус», «Восеньскі букет», на якім выяўлена дачка Вера, «Панна на шпацыры сярод статка кароў», «На паляванні» і іншыя.

Сёння высакаякасныя копіі гэтых і іншых работ, падораных Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы, упрыгожваюць былую майстэрню Ільі Рэпіна.

– Сядзіба – незвычайнае месца, яна прыцягвае людзей мастацтва і моладзь. Мы чацвёрты год прыязджаем сюды і бачым плён сумеснай працы. Мы пастараліся зрабіць так, каб тут з'явіліся копіі карцін Ільі Рэпіна, каб экспазіцыя была цікавая для людзей розных пакаленняў. Хтосьці, наведаўшы музей, адродзіць у памяці сваё знаёмства з творчасцю мастака, а для кагосьці першая сустрэча з яго работамі адбудзецца менавіта тут, у «Здраўнёве». Гэта не проста музей, гэта пазнавальны комплекс. Тут праводзяцца пленэры, розныя мерапрыемствы для дзяцей. Менавіта ў гэтым напрамку мы будзем працягваць працу, бо дзеці вельмі чулыя, калі да іх пачынанняў праяўляюць увагу, – адзначыў Рыгор Рапота.

І на гэты раз Дзяржаўны сакратар прыехаў не з пустымі рукамі – Рыгор Рапата перадаў музею-сядзібе копію напісанага Ільей Рэпіным партрэта Аляксандра Жыркевіча, які захоўваецца ў фондах Ульянаўскага музея. Пра героя карціны – таленавітага юрыста, паэта, празаіка, публіцыста, грамадскага дзеяча і калекцыянера, знаёмага з выдатнымі дзеячамі культуры і мастацтва свайго часу, можна даведацца на выставе, што разгарнулася ў гэтыя дні ў «Здраўнёва».

Аляксандра Жыркевіча аб’ядноўвае з Ільей Рэпіным больш за 20 гадоў блізкага сяброўства. Дарэчы, вясной мінулага года ў музей прыязджала ўнучка Аляксандра Жыркевіча – Наталля Жыркевіч – Падлеская і распавядала не толькі пра свайго знакамітага дзеда, але і пра прадзеда – Івана Сцяпанавіча Жыркевіча, які ў 1836 – 1838 гадах узначальваў Віцебскую губерню.

Рыгор Рапата, а таксама старшыня абласнога Савета дэпутатаў Уладзімір Церанцьеў усклалі кветкі да помніка мастака і прынялі ўдзел у «круглым стале» «Мастацкая і літаратурная спадчына будучым пакаленням».

Таццяна Пастэрнак, "Віцебскія весці". Фота аўтара і БелТА.