Калектывы з 14 краін выступяць на Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску
2 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. XXIII Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі пройдзе з 24 па 29 лістапада ў Віцебску. Пра гэта паведаміла сёння на прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара па спецпраектах Цэнтра культуры "Віцебск" Марына Раманоўская, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Жаданне прыняць удзел у конкурсе выказалі больш за 50 харэаграфічных калектываў і балетных труп, у тым ліку ўпершыню - з Конга. Па выніках адборачнага відэатуру права прадставіць сваю пастаноўку на форуме атрымалі 26 творчых калектываў з Беларусі, Германіі, Ізраіля, Кітая, Латвіі, Літвы, Малдовы, Польшчы, Расіі, Славеніі, Украіны, Швейцарыі, Эстоніі і Японіі. У Віцебск яны прывязуць 13 аднаактавых балетаў і 24 харэаграфічныя мініяцюры.
Судзіць удзельнікаў будзе прадстаўнічае журы, якое ўзначаліць ганаровы старшыня Міжнароднага танцавальнага савета ЮНЕСКА (CID-UNESCO), лаўрэат міжнародных конкурсаў Дзітмар Зайферт (Германія). Разам з іншымі знанымі членамі журы яму трэба будзе вызначыць уладальніка Гран-пры, лепшы аднаактавы балет і харэаграфічную мініяцюру, а таксама назваць лепшага харэографа конкурсу, якому будзе ўручана спецыяльная прэмія імя Яўгена Панфілава.
Акрамя разнапланавай па тэматыцы і тэхніцы выканання конкурснай складаючай, прыхільнікам сучаснай харэаграфіі будзе прапанавана шырокая гасцявая праграма. Так, 24 лістапада ў канцэртнай зале "Віцебск" з балетам-фантасмагорыяй "Шчаўкунок" выступіць тэатр сучаснай харэаграфіі "Кіеў Мадэрн-Балет" (Украіна), які ўзначальвае адзін з найвядомейшых маладых балетмайстраў Еўропы Раду Паклітару. У спектаклі, пастаўленым па законах класічнага балета, заняты 30 артыстаў. Дэкарацыі і касцюмы для іх будуць дастаўлены спецыяльнай фурай. Пры гэтым ацаніць гэты маштабны праект змогуць і жыхары сталіцы. 29 лістапада ўкраінскі калектыў пакажа яго на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета.
Не менш цікавы, на думку Марыны Раманоўскай, і балет Downshifting італьянскай Spellbound Dance Company (Ачараваная студыя танца), монаспектакль Solo con piano Жанфранка Селесціна (Люксембург) і пастаноўкі любімага госця фестывалю - Пермскага дзяржаўнага тэатра "Балет Яўгена Панфілава".
Насычаная праграма форуму ўключае таксама фотавыставы, майстар-класы, якія карыстаюцца вялікай папулярнасцю, прэс-канферэнцыі з удзельнікамі і гасцямі.
Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску закліканы папулярызаваць творчасць лепшых беларускіх калектываў сучаснага танца і спрыяць прасоўванню беларускіх харэографаў у еўрапейскую і сусветную культурную прастору. За 22 гады правядзення ён заваяваў прызнанне творчай эліты больш за 40 краін свету. З 2009 года форум стаў паўнапраўным членам CID-UNESCO. Заснавальнікамі фестывалю з'яўляюцца Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі аблвыканкам, Віцебскі гарвыканкам, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета. Арганізатар - Цэнтр культуры "Віцебск".-0-