Калектывы з Расіі, Літвы і Латвіі возьмуць удзел у фестывалі дзіцячай творчасці ў Верхнядзвінскім раёне
22 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. ХІІ Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці "Дзвіна-Дзвiна-Daugava" пройдзе 30 мая ў Верхнядзвінскім раёне, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Верхнядзвінскім райвыканкаме.
У свяце прымуць удзел творчыя калектывы з Расіі, Літвы і Латвіі. Беларусь на фестывалі прадставіць творчая моладзь Оршы, Лепеля, Віцебска, Полацка, Наваполацка, Мёрскага, Шаркаўшчынскага і Верхнядзвінскага раёнаў. Усяго чакаецца каля 350 чалавек.
Сёлета фестываль праходзіць пад дэвізам "Творчасць без межаў", таму калектывы не абмяжоўваюцца пэўнай тэмай і пакажуць свае лепшыя канцэртныя праграмы. Адкрые свята тэатралізаванае прадстаўленне, прысвечанае гістарычнаму адзінству краін-суседак і рацэ, якая іх злучае. Сімвалічным момантам стане сустрэча Каралевы Дзвіны з дэлегацыямі ўдзельнікаў, якія прыбываюць на ўрачыстасць водным шляхам. Затым стартуе сапраўдная феерыя падзей: канцэрт, падрыхтаваны калектывамі розных краін, танцавальна-забаўляльная праграма для дзяцей, паказальныя выступленні членаў конна-спартыўнай школы з гарадскога пасёлка Асвея, выстава кветкавых кампазіцый "Кветкі дзяцінства", выстава-кірмаш майстроў народных рамёстваў. Акрамя таго, будуць працаваць ігральныя і спартыўныя пляцоўкі, атракцыёны і пункты выязнога гандлю.
У райвыканкаме адзначылі, што напярэдадні фестывалю 29 мая калектывы з Расіі і Літвы, якія прыбылі загадзя, правядуць выязныя канцэрты ў аграгарадках Валынцы і Шайцерава.
Фестываль дзіцячай творчасці "Дзвіна-Дзвiна-Daugava" закліканы спрыяць умацаванню сяброўскіх і культурных сувязей паміж моладдзю розных краін. Яго арганізатарам выступае аддзел культуры Верхнядзвінскага райвыканкама. -0-