Калектывы з захаду і ўсходу Украіны возьмуць удзел у фестывалі IFMC у Віцебску
Каля 20 заявак з заходніх і ўсходніх рэгіёнаў Украіны паступіла на конкурсную праграму XXVII Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC), які пройдзе ў Віцебску 19-23 лістапада. Як прызналася журналістам падчас прэс-канферэнцыі намеснік генеральнага дырэктара па спецыяльных праектах Цэнтра культуры "Віцебск" Марына Раманоўская, арганізатары самі былі здзіўлены такой колькасцю, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Той факт, што столькі ўкраінскіх калектываў захацела прыехаць да нас, прычым за свой кошт, кажа пра тое, што людзі згаладаліся па дабрыні і гуманнасці, нармальных чалавечых пачуццях. Мы даем сцэну, пляцоўку, каб выказацца мовай танца і пластыкі і пачаць разумець адзін аднаго, таму канцэпцыя сёлетняга фестывалю - дыялог. Паміж танцорамі і гледачамі, паміж краінамі, людзьмі з рознымі пунктамі гледжання. Мы заклікаем чуць і слухаць. І чакаем гледача адукаванага, адкрытага", - патлумачыла Марына Раманоўская і дадала, што ідэя такой канцэпцыі нарадзілася пасля наведвання танцавальнага кірмаша ў Дзюсельдорфе, на якім была прадстаўлена сучасная харэаграфія 53 краін свету самай рознай якасці. І адзін з калектываў, заўважаных там, стане ўдзельнікам канцэртнай праграмы IFMC. Гэта вядомая бельгійская кампанія Jan Martens cіe з танц-спектаклем "Салодкая дзяўчынка салодкая". Таксама ўпершыню ў Віцебск прыедзе ўладальнік прэстыжнага прыза "Herald Angel" - кампанія "Гандзіні жонглююць", якую брытанскі харэограф Шон Гандзіні сабраў метадам кастынгу з артыстаў розных краін. Увесь танц-спектакль яны жонглююць яблыкамі, дэманструючы вар'яцкі сінтэз цырка і сучаснага танца. Гэта хіт усіх сусветных пляцовак, які цяпер будзе паказаны і ў Віцебску. Пасля 10-гадовага перапынку на IFMC зноў прыедзе амерыканскі калектыў. Асобным мініяцюрам "Koresh Dance Company" выдзелілі 45 хвілін канцэртнай праграмы урачыстага закрыцця фестывалю.
У конкурснай праграме IFMC амаль палову ўдзельнікаў складуць новыя маладыя калектывы. На адборачны відэатур ужо прадстаўлена больш за сто работ з Арменіі, Беларусі, Германіі, Латвіі, Літвы, Польшчы, Расіі, Эстоніі, Японіі і іншых краін. Прыём заявак яшчэ працягваецца, будзе адабрана не больш за 150 работ. Старшынёй журы абраны Раду Поклітару, мастацкі кіраўнік тэатра "Кіеў Модэрн-Балет", чые пастаноўкі гледачы таксама ўбачаць падчас канцэртнай праграмы бягучага года. Традыцыйнымі гасцямі IFMC стануць тэатр "Балет Яўгена Панфілава" і Чалябінскі тэатр сучаснага танца. Гледачы пазнаёмяцца са шведскай і эстонскай харэаграфіяй у выкананні кампаній Andersson Dance і Five Five Dance Theatre, зноў убачаць майстэрства іспанскага танцора Альвара Эстэбана Лопеса, адчуюць 15-хвілінку слёз з-за сентыментальнай гісторыі ў выкананні ізраільскага калектыву "Israeli Ballet". Арганізатары абяцаюць шмат класічнай музыкі, шмат прэм'ер і шмат эмоцый.
Таксама на фестывалі запланаваны практычныя і тэарэтычныя майстар-класы для танцораў, пасяджэнне экспертнага савета, фотавыставы "Партрэт у сучасным танцы" расійскага фотажурналіста Уладзіміра Лупоўскага і "Фіксацыя руху" беларускага фатографа Ганны Майсеюк, выстава "Беспрадметнае мастацтва" члена Беларускага саюза мастакоў, класіка беларускага авангарда Анатоля Кузняцова.
Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC) закліканы папулярызаваць творчасць лепшых беларускіх калектываў сучаснага танца і спрыяць прасоўванню беларускіх харэографаў у еўрапейскую і сусветную культурную прастору. Ён па праву лічыцца адным з самых прэстыжных фестываляў у галіне сучаснай харэаграфіі на тэрыторыі Еўропы.
Заснавальнікамі фестывалю выступаюць Віцебскі аблвыканкам, Міністэрства культуры Беларусі, Віцебскі гарвыканкам, Нацыянальны акадэмічны тэатр оперы і балета.
Кацярына Князева