Калектывы з сямі краін выступяць на фестывалі "Звеняць цымбалы і гармонік" у Паставах

Міжнародны фестываль народнай музыкі "Звіняць цымбалы і гармонік" пройдзе 7-9 чэрвеня ў Паставах, паведамілі ў Пастаўскім райвыканкаме.

На форуме, які адзначае сваё 30-годдзе, збяруцца творчыя калектывы і індывідуальныя выканаўцы з сямі краін: Беларусі, Расіі, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Украіны і Грузіі. Усе мерапрыемствы фестывалю сёлета пройдуць пад знакамі святкавання 610-годдзя Пастаў і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У першы дзень адкрыецца выстава да юбілею фестывалю і адбудзецца літаратурна-музычнае свята "І будзе слова землякоў гучаць над роднаю старонкай".

На гарадскім стадыёне запланаваны спартыўныя спаборніцтвы, а ў райвыканкаме пачне працу двухдзённая навукова-практычная канферэнцыя "Пастаўшчына ў вымярэнні часу". Увечары гасцей свята чакае выступленне Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Беларусі імя Г.І.Цітовіча. Наступныя фестывальныя дні яшчэ больш насычаныя. Конкурс калектываў і індывідуальных выканаўцаў на народных інструментах "Хто каго?", кірмаш народных рамёстваў, агляд-конкурс сельскіх падворкаў "Пастаўшчына гасцінная", выстава ў краязнаўчым музеі "Славутасці Пастаўшчыны", тэатралізаванае прадстаўленне "Музыка беларускіх палацаў і сядзіб" запланаваны на 8 чэрвеня. Яркімі момантамі гэтага дня таксама стануць урачыстае адкрыццё фестывалю "З юбілеем, родны горад!", "Пастаўскі баль", агнявое шоу і феерверк.

Завершаць праграму 9 чэрвеня тэатралізаванае шэсце і гала-канцэрт удзельнікаў фестывалю. Мерапрыемствы пройдуць на дзесяці канцэртных і выставачных пляцоўках горада, а таксама ў буйных аграгарадках. "Да свята абнавіліся галоўная плошча райцэнтра, летні амфітэатр у гарадскім парку, горад упрыгожылі шматлікія кветнікі і новыя зялёныя насаджэнні. Таксама быў праведзены раённы конкурс творчых работ "Паставы 610. Ідэі, якія пераўтвараюць Паставы". Яго пераможцаў будуць ушаноўваць на фестывалі", - дадалі ў райвыканкаме.

Арганізатары - Міністэрства культуры, Віцебскі аблвыканкам, Пастаўскі райвыканкам.

БЕЛТА.