Каманда графiтыстаў упрыгожыць Вiцебск новыми працамi

Команда граффитистов украсит Витебск новыми работами

Адносна нядаўна ў дварах на будынках трансфарматарных падстанцый Віцебска сталі з'яўляцца рэалістычныя партрэты Боба Марлі, Стыва Джобса, Мэрылін Манро і іншых вядомых людзей. Як высветлілася, аўтар работ – маладая каманда графіцістаў «HoodGraff». Нам удалося пагутарыць з заснавальнікам праекта Арцёмам Буржом.

– Арцём, раскажыце, хто вы і чым займаецеся?

– «HoodGraff» – гэта віцебская арт-каманда, якая стварае вулічныя графіці ў стылі стрыт-фотарэалізму. Першы партрэт быў намаляваны ў кастрычніку 2013 года. Першапачаткова асноўны склад групы складалі выпускнікі мастацка-графічнага факультэта ВДУ ім. П. Машэрава. Усе графіці – плён калектыўнай творчасці каманды, а іх адметнай асаблівасцю з'яўляецца матывуючая цытата.

– Як нарадзілася ідэя маляваць менавіта ў такім фармаце?

– Шляхам мазгавога штурму. Мне хацелася ўнесці даступнасць у культуру стрыт-арта. Калі прыйшоў на думку Снуп Дог (наш першы партрэт), я працягнуў пералічваць, з кім бы я хацеў сфатаграфавацца і хто мяне натхняе сваімі выказваннямі. А чорна-белыя выявы выглядаюць вельмі проста і даволі лаканічна.

– Што хочаце данесці сваімі працамі?

– Праект арыентаваны па большай частцы на добраўпарадкаванне гарадскіх двароў, бо прыемней глядзець на Гагарына, чым на вядомыя ўсім тры літары на плоце. Тым не менш ёсць у гэтым і больш глыбокі сэнс – матывацыя як для мастака, так і для тых, хто глядзіць на яго творчасць. У перспектыве мы хацелі б навучаць дзетак 10 – 15 гадоў, маладых мастакоў.

– Ці ёсць спонсары праекта, ці ўсё на добраахвотных пачатках?

– Спонсарам з'яўляюся я сам, іншых мецэнатаў пакуль няма. Хоць калі б такі з'явіўся, то тэмп работ узрос бы ўдвая.

– Як адбываецца выбар таго ці іншага персанажа, на чым ён грунтуецца?

– Усё той жа мазгавы штурм. Напэўна, гэта вырашэнне задач ва ўсіх галінах. Першапачаткова спрабуем прывязаць да памятнай даты персанажа ці месца. Напрыклад, дзе чалавек нарадзіўся, памёр, бываў, які след пакінуў у гісторыі. А наогул, цяжка даць агульны адказ, кожны партрэт намаляваны з індывідуальным падыходам.

- Як утварылася каманда, і хто ў ёй на дадзены момант?

– Асноўны склад – два мастакі і я, на падхваце 35 графіцістаў з Беларусі і Расіі. Канцэптуальнай часткай праекта займаюся я і яшчэ некалькі чалавек, а ўсе камерцыйныя заказы выконвае запасны склад.

– Як хутка чакаць ад вас новых работ, ці будуць яны ў такім жа фармаце ці набываюць новы аблічча?

– Думаю, хутка мы здзівім усіх новай канцэпцыяй. Партрэты ў чарговым сезоне адыдуць на другі план, а работы будуць прыцягваць турыстаў з усіх гарадоў, а магчыма, нават і краін…

– Што б вы параілі маладым мастакам-пачаткоўцам?

– Раней уставаць, завесці блакнот і маляваць для людзей, а не для сябе.

Арцём Якушаў, студэнт ВДУ ім. П. Машэрава.

"Віцебскія весці"