Каманда з Улы была наймацнейшай на абласным конкурсе аратых

Команда из Уллы была сильнейшей на областном конкурсе пахарей

На базе Ульскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці імя Л. Даватара ў Бешанковіцкім раёне на працягу трох дзён праходзіў 45-ы абласны конкурс аратых.

У ім удзельнічалі 22 навучэнцы і 11 маладых майстроў вытворчага навучання ўсіх устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку па кваліфікацыі «Трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці». Тэарэтычны этап складаўся са 100 пытанняў па аграноміі, правілах эксплуатацыі, абслугоўвання і рамонту тэхнікі, выканання асноўных агратэхнічных прыёмаў. Практычная частка ўключала ў сябе ворыва і кіраванне машынна-трактарным агрэгатам у абмежаваных праездах. Навучэнцы выконвалі заданне ў полі на «Беларусе-1221» з чатырохкорпусным плугам, майстры вытворчага навучання – на «Беларусе-3022» з васьмікорпусным.

У індывідуальным заліку сярод навучэнцаў 

першае месца заняў Вячаслаў Кісялевіч з Полацкага прафліцэя, на другім – Максім Кальнін, на трэцім – Вячаслаў Конакаў (абодва з Улы).

Сярод майстроў вытворчага навучання 

пераможцам стаў Андрэй Пахірка (Гарадоцкі аграрна-тэхнічны каледж), у прызёры ўвайшлі Віктар Гамзюк (Ульскі прафліцэй) і Дзяніс Авізіч (Пастаўскі дзяржаўны каледж).

У камандным заліку 

першае месца заваявалі гаспадары конкурсу, следам за імі на п'едэстале гонару размясціліся палачане і пастаўчане.

Сёння на ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў прыехаў старшыня аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, ён таксама ацаніў якасць работы і пагутарыў з конкурсантамі. Дарэчы, імі ўзараны поле плошчай 25 га, на якім заўтра пасеюць алеістую рэдзьку. Мікалай Мікалаевіч адзначыў, што за кошт значнага павелічэння працягласці практыкі (з 5 тыдняў да 2,5 месяца вясной і восенню) ідзе збліжэнне навучэнцаў і студэнтаў навучальных устаноў з сельгаспрадпрыемствамі. Гэта дапамагае моладзі, як кажуць у народзе, набіць руку і замацаваць атрыманыя веды на справе.

Дарэчы, у сёлетняй пасяўной кампаніі ўдзельнічала больш за 600 навучэнцаў. У сістэме прафтэхадукацыі вучыцца на механізатара каля 2 тыс. чалавек, штогод выпускаецца 500 спецыялістаў. Акрамя асноўнай прафесіі яны таксама атрымліваюць кваліфікацыі слесара, кіроўцы або зваршчыка.

Кіраўнік вобласці запэўніў, што будзе працягнута абнаўленне машынна-трактарнага парку навучальных устаноў, што павінна спрыяць падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў. Плануецца, што за бліжэйшыя пяць гадоў будзе цалкам перааснашчана сельскагаспадарчая галіна Віцебшчыны. Гэта дасць магчымасць выконваць нават большы аб'ём работы пры змяншэнні людскіх рэсурсаў. Ужо сёння частка механізатараў на энергонасычанай тэхніцы апрацоўваюць 1-2 тыс. га, што адбіваецца і на ўзроўні зарплаты. Напрыклад, за пасяўную некаторым было налічана 3,5-3,8 тыс. руб.

У гутарцы з журналістамі Мікалай Шарснёў падкрэсліў, што дзякуючы ідэальным умовам надвор'я аграрыі Віцебшчыны ўпершыню працавалі ў роўных умовах з калегамі з паўднёвых рэгіёнаў краіны. Пры гэтым мы выйшлі на палі значна пазней, але першымі скончылі сяўбу. Работы праведзены якасна. Надвор'е таксама дазволіла павялічыць аб'ёмы пасяўных плошчаў практычна па ўсіх культурах. З улікам азімых, калі не адбудзецца форс-мажор, да ўборкі падыдзе 400 тыс. га збожжавых, такога даўно не было.

"Віцебскія весці".