Каманда Мінскай рэгіянальнай мытні атрымала перамогу ў першынстве ДМК па лыжных гонках

5 лютага, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Каманда Мінскай рэгіянальнай мытні атрымала ўпэўненую перамогу ў першынстве Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК) па лыжных гонках, якое завяршылася сёння ў Віцебску, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Мінская рэгіянальная мытня не пакінула шанцаў сапернікам ужо пасля першага дня спаборніцтваў па выніках трох гонак у індывідуальным заліку. А лёс другога і трэцяга агульнакамандных месцаў вырашаўся ў эстафеце 3 па 3 км, калі на дыстанцыю трэба было выйсці ў тым ліку жанчынам і кіраўнікам мытных органаў у складзе каманд. Спартсмены Віцебскай і Брэсцкай мытняў не дазволілі абысці сябе прадстаўнікам іншых мытняў, у выніку заняўшы адпаведна другое і трэцяе месцы як у эстафеце, так і ў камандным заліку. А перамогу ў эстафеце святкавалі лыжнікі Мінскай рэгіянальнай мытні. У індывідуальным заліку лепшай сярод жанчын у гонцы на 3 км стала Алена Бадзянка (РУП "Белмытсэрвіс"), другі вынік у Дар'і Сарокінай (Мінская рэгіянальная мытня). Мінулагодняя пераможца Лідзія Белякова (Віцебская мытня) на гэты раз апынулася толькі трэцяй. Сярод кіраўнікоў мытных органаў дыстанцыю ў 3 км хутчэй за ўсіх прабег намеснік начальніка Пінскай мытні Алег Полхоўскі, на другім месцы намеснік начальніка Ашмянскай мытні Сяргей Сабалеў, а трэцім стаў начальнік Брэсцкай мытні Юрый Брыткоў. Пераможцы і прызёры ў індывідуальным і камандным заліках узнагароджаны кубкамі і ганаровымі дыпломамі ДМК. У першынстве ДМК па лыжных гонках, якое другі год запар праходзіла ў Віцебску, прымалі ўдзел каля 70 спартсменаў у складзе 14 каманд, якія прадстаўлялі ўсе мытні краіны, цэнтральны апарат ДМК і РУП "Белмытсэрвіс". Мытнікі вызначалі наймацнейшых у чатырох відах спаборніцтваў.-0-