Каманда «Віцебскаблаўтатранса» стала найлепшай у рэспубліцы па прафмайстэрстве кіроўцаў

25 верасня, Гомель /Наталля Цітушкіна - БЕЛТА/. У фінальных рэспубліканскіх спаборніцтвах па прафесійным майстэрстве кіроўцаў аўтамабіляў, якія прайшлі 24-25 верасня ў Гомелі, перамогу атрымала каманда РАТУП "Віцебскаблаўтатранс", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік дырэктара РДАУП "Аўтобусны парк №6" Андрэй Явсеенка. Другое і трэцяе месца дасталіся камандам ТКУП "Мінсктранс" і РУП "Мінскаблаўтатранс" адпаведна. Лідэрам у камандным заліку ўручаны кубкі спаборніцтваў. Пераможцы ў асабістым заліку, а іх было больш за 15 у розных намінацыях, акрамя дыпломаў, павязуць з Гомеля каштоўныя падарункі (халадзільнікі, тэлевізары, пральныя машыны, гадзіннікі, наборы інструментаў і інш.). На спаборніцтвах таксама былі ўзнагароджаны самы юны і самы вопытны кіроўцы, якія не ўвайшлі ў прызёры, але паказалі годныя вынікі. У спаборніцтвах прымалі ўдзел кіроўцы на аўтамабілях МАЗ-103, МАЗ-5432, МАЗ-5551, ГАЗ-3110, ГАЗ-3202. У межах фіналу спаборніцтваў па прафмайстэрстве ў Гомелі прайшоў і конкурс аматарскага ваджэння, у якім прынялі ўдзел каля 30 ахвотных з ліку гледачоў, якія маюць пасведчанне кіроўцы катэгорый С, D і E. Акрамя таго, адбылася выстава рэтрааўтамабіляў, аўтобусаў "Радзiмiч", новых легкавых аўтамабіляў замежнай і беларускай вытворчасці (Samand). А на новыя мадэлі МАЗа можна было не толькі палюбавацца: іх "узялі ў абарот" кіроўцы-аматары - удзельнікі названага вышэй конкурсу. Адзін з МАЗаў пасля спаборніцтваў адправіцца на грузавое аўтамабільнае прадпрыемства РАУП "Гомельаблаўтатранс". Правядзенне адборачных і фінальных спаборніцтваў, арганізацыю іх судзейства і падвядзенне вынікаў забяспечваў Беларускі навукова-даследчы інстытут транспарту "Транстэхніка". Спаборніцтвы па прафмайстэрстве кіроўцаў аўтатранспарту праводзяцца ў Беларусі штогод з 2000 года і ўключаюць конкурсы па праверцы ведаў Правілаў дарожнага руху і навыкаў кіравання аўтамабілямі. Спаборніцтвы арганізаваны ў два этапы: адборачныя абласныя і фінальныя. Адборачныя праводзіліся аўтатранспартнымі арганізацыямі самастойна, а фінальныя арганізуе Міністэрства транспарту і камунікацый сумесна з Рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафесійнага саюза работнікаў транспарту і дарожнай гаспадаркі і аб'яднаннем "ДАСААФ".-0-