Каманда Віцебскага індустрыяльна-педагагічнага каледжа заняла першае месца на конкурсе лепшых цырульнікаў і візажыстаў «Ружа Вятроў HAIR-2014».

Команда Витебского индустриально-педагогического колледжа заняла первое место на конкурсе лучших парикмахеров и визажистов «Роза Ветров HAIR-2014»
У Мінску прайшоў XVII Міжнародны фестываль прыгажосці «Ружа вятроў HAIR-2014» і каманднае першынство сярод салонаў Рэспублікі Беларусь «Кубак Мінска-2014» па цырульніцкім мастацтве, дэкаратыўнай касметыцы і пазногцевым сэрвісе. Спаборніцтвы гэтыя заўсёды з хваляваннем чакаюць лепшыя майстры рэспублікі, яны рыхтуюцца паказаць свой клас і павучыцца ў калег з-за мяжы.

У Мінску прайшоў XVII Міжнародны фестываль прыгажосці «Ружа вятроў HAIR-2014» і каманднае першынство сярод салонаў Рэспублікі Беларусь «Кубак Мінска-2014» па цырульніцкім мастацтве, дэкаратыўнай касметыцы і пазногцевым сэрвісе. Спаборніцтвы гэтыя заўсёды з хваляваннем чакаюць лепшыя майстры рэспублікі, яны рыхтуюцца паказаць свой клас і павучыцца ў калег з-за мяжы. Пастаянны ўдзел у іх прымаюць і прадстаўнікі нашага горада, пацвярджаючы, што традыцыі віцебскай школы цырульніцкага мастацтва працягваюцца.

Найлепшых поспехаў дамагліся Дар'я Цыбульская, якая заняла першае месца ў намінацыі «Фігурны выстрыг валасоў», Ала Шын, у якой другое месца ў намінацыі «Модная жаночая стрыжка з укладкай», Кацярына Курыловіч, якая таксама заняла другое месца ў моднай катэгорыі ў намінацыі «Камбінаваны від». Добрыя вынікі паказалі Вікторыя Манейкіна, Наталля Мурашка і іншыя члены каманды.

Выкладчыкі Вольга Уласевіч і Вольга Корнілава лічаць перамогу цалкам заканамернай з'явай. Яны не раз рыхтавалі да розных спаборніцтваў моцныя каманды, якія затым займалі прызавыя месцы.

Дык у чым жа сакрэт пастаяннага поспеху? З гэтым пытаннем мы звярнуліся да намесніка дырэктара каледжа па вытворчым навучанні Надзеі Селязнёвай.

— Наша ўстанова адукацыі нароўні з іншымі спецыяльнасцямі рыхтуе цырульнікаў ужо больш за 40 гадоў, — адзначыла яна. — Назапашаны багаты вопыт, як тэарэтычны, так і практычны. Пастаянна абнаўляецца і ўмацоўваецца матэрыяльна-тэхнічная база каледжа. Дастаткова адзначыць, што толькі з пачатку года на гэтыя мэты было выдаткавана больш за паўмільярда бюджэтных сродкаў. 50 мільёнаў рублёў мы зарабілі самі. У інтэрнаце каледжа адкрыта навучальная цырульня, дзе нашы навучэнцы аказваюць платныя паслугі насельніцтву па сацыяльна нізкіх цэнах. Яны ўжо падчас навучання атрымліваюць такія высокія разрады, якія звычайна прысвойваюцца пасля некалькіх гадоў працоўнай дзейнасці. Для набыцця практычных навыкаў ёсць усе магчымасці: выдатна абсталяваныя кабінеты і класы, добрая прафесійная касметыка, такая, з якой можна працаваць і на конкурсах. У нас зараз праходзяць кваліфікацыйныя экзамены на 4-ы разрад, але прычоскі і стрыжкі, якія выконваюць навучэнцы, значна вышэй за гэты ўзровень.

Дырэктар каледжа Аляксандр Леснаў павіншаваў пераможцаў і трэнераў, падкрэсліў, што на розных міжнародных конкурсах навучэнцы ўжо не раз займалі асабістыя прызавыя месцы, але такі вось поспех усёй каманды дасягнуты ўпершыню. Удзельнікі гэтых спаборніцтваў змогуць атрымаць 5-ы кваліфікацыйны разрад, яны будуць заахвочаны і матэрыяльна.

Ларыса ВОЛКАВА, "Віцьбічы"