Каманда Віцебскай вобласці стала пераможцам рэспубліканскага турзлёту

21 верасня, Мінск /Андрэй Асфура - БЕЛТА/. Каманда Віцебскай вобласці стала пераможцам рэспубліканскага турысцкага злёту, які прайшоў 18-20 верасня на турбазе "Высокі бераг" у Стоўбцаўскім раёне. Пра гэта паведаміла карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Рэспубліканскага турысцка-спартыўнага саюза Валянціна Максіменка. Другое месца ў спаборніцтве заваявала зборная каманда Мінскай вобласці, а бронза дасталася спартыўным турыстам, якія прадстаўляюць Магілёўскую вобласць. У спаборніцтвах не ўдзельнічала каманда з Гомельскай вобласці, а таксама не ўдалося сабраць мінскую каманду. У другой групе, дзе ўдзельнічала 12 раённых і гарадскіх каманд, першае месца заваявала каманда Ленінскага раёна Мінска. Срэбра дасталася барысаўчанам, а трэцяе месца прысудзілі камандзе Маладзечанскага раёна. У трэцяй групе (дарэчы, самай шматлікай па колькасці прадстаўленых каманд) золата дасталася Мінскаму дзяржаўнаму турысцка-экалагічнаму цэнтру дзяцей і моладзі, другое месца - ААТ "Нафтан" (Наваполацк), трэцяе - Мінскаму трактарнаму заводу. Па словах суразмоўніцы, у рэспубліканскім турысцкім злёце прынялі ўдзел больш за 2 тыс. чалавек. "Мы самі не чакалі такога павышанага інтарэсу да гэтага мерапрыемства. Паверце, усе паляны былі заняты", - прызналася Валянціна Максіменка, адзначыўшы, што, акрамя спаборніцтваў, для гледачоў і ўдзельнікаў былі арганізаваны канцэрт аўтарскай песні, разнастайныя конкурсы, выступленні танцораў бальнага танца і феерверк.-0-