Каманда Віцебскай вобласці стала пераможцам турніру Беларускай юнацкай лігі бокса
Спаборніцтвы праводзіліся ў камандным фармаце з мэтай прагляду перспектыўных атлетаў. Па выніках адборачнага раўнда ў фінал прабіліся дружыны Брэсцкай і Віцебскай абласцей. Каманды ішлі на роўных, змяняючы адна адну на пазіцыі лідара.
У выніку вырашальным аказаўся паядынак у вагавой катэгорыі 80 кг. Спартсмен з каманды Віцебскай вобласці Аляксандр Рэбека змог знайсці слабыя месцы ў абароне Антона Логвіновіча і святкаваў перамогу.
Замкнулі тройку прызёраў баксёры Гомельскай вобласці. Спаборніцтвы праходзілі сярод атлетаў 2005 і 2006 гадоў нараджэння і былі прысвечаны 90-годдзю беларускага бокса і 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Бокс уваходзіць у праграму II Еўрапейскіх гульняў у Мінску. Падчас мультыспартовага форуму з 21 па 30 чэрвеня ў сталічным палацы спорту "Уручча" сярод баксёраў будзе разыграна 15 камплектаў медалёў. За ўзнагароды паспаборнічаюць больш за 300 атлетаў.
Фота Беларускай федэрацыі бокса