Каманда Віцебскай вобласці выйграла Кубак Беларускай федэрацыі біятлона
- Вось ужо сёмы год праходзіць гэты цудоўны Кубак, - адзначыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў спаборніцтваў першы намеснік Міністра спорту і турызму Аляксандр Дараховіч. - Сюды прыехалі самыя моцныя біятланісты з усёй краіны: 180 хлопцаў і дзяўчат. Хацеў бы пажадаць вам упартасці, працавітасці, цярпення. Мы вельмі верым у вас і жадаем, каб вы праслаўлялі нашу краіну на міжнароднай арэне, каб вы заваёўвалі алімпійскія медалі, каб часцей падымаўся наш сцяг і гучаў наш гімн. Высокіх вяршынь, наперад і толькі наперад!
У урачыстай цырымоніі ўзнагароджання таксама прынялі ўдзел намеснік старшыні аблвыканкама Вячаслаў Дурноў, старшыня «Беларускай федэрацыі біятлона» Андрыян Цыбульскі, начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама Дзяніс Фацееў, старшыня Гарадоцкага раённага выканаўчага камітэта Ірына Палякова.
Ірына Палякова ўручыла высокапастаўленым гасцям памятныя сувеніры ад Гарадоцкага райвыканкама.
Узнагароджанне пераможцаў у асабістым заліку правёў старшыня Беларускай федэрацыі біятлона Андрыян Цыбульскі.
У агульнакамандным заліку перамагла каманда Віцебскай вобласці.
У завяршэнне спаборніцкага дня ганаровыя госці спаборніцтваў Аляксандр Дараховіч і Вячаслаў Дурноў асабіста апрабавалі якасць Гарадоцкай лыжаролернай трасы. Госці засталіся задаволеныя арганізацыяй спаборніцтваў.
Анастасія Краўчанка - папулярная беларуская спявачка і блогер, суперфіналістка праектаў «X-фактар Беларусь», выканала Дзяржаўны гімн сумесна з удзельнікамі і заўзятарамі, а таксама падарыла гледачам сваю новую песню.