Камандна-штабныя вучэнні прайшлі ў Віцебскай вобласці

Командно-штабные учения прошли в Витебской области

З 14 па 20 верасня ў Беларусі прайшлі камандна-штабныя вучэнні (КШВ). Адпрацоўвалі тэму «Кіраванне групоўкай Узброеных Сілаў, іншых войскаў і воінскіх фарміраванняў у ходзе спецыяльнай аперацыі па стабілізацыі абстаноўкі ў асобных крызісных раёнах дзяржавы».

Упершыню ўдзельнікі КШВ выконвалі пастаўленыя перад імі задачы на ўсіх палігонах Узброеных Сілаў – Лосвіда, Гожскі, Лепельскі, Асіповіцкі, Барысаўскі, Абуз-Лясноўскі, Даманаўскі, а таксама на тэрыторыі Полацкага і Горацкага раёнаў адпаведна Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Да вучэнняў прыцягваліся органы кіравання, воінскія часці, аператыўныя групы і падраздзяленні МУС, МНС, КДБ, Пагранічнага і Следчага камітэтаў. У цэлым было задзейнічана амаль 7,5 тыс. чалавек, 60 танкаў, 220 браніраваных машын, 50 артылерыйскіх прылад, мінамётаў і рэактыўных сістэм залпавага агню. З запасу было прызвана каля 450 ваеннаабавязаных.


У ходзе вучэння з органамі кіравання тэрытарыяльнай абароны Віцебскай вобласці на практыцы адпрацоўваліся пытанні арганізацыі прымянення сіл тэрытарыяльнай абароны па выяўленні і знішчэнні (прымусе да здачы) атрадаў «самаабароны», ахове і абароне важных аб'ектаў, барацьбе з дыверсійна-разведвальнымі сіламі праціўніка і незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі. Акрамя таго, адпрацоўваліся аспекты інфармацыйнага проціборства.

Вынікам баявой вучобы стала павышэнне ўзгодненасці ў працы службовых асоб, удасканаленне іх практычных навыкаў у арганізацыі прымянення сіл тэрытарыяльнай абароны Віцебскай вобласці з мэтай стабілізацыі абстаноўкі, забеспячэння ўстойлівага функцыянавання дзяржаўных органаў і арганізацый, аб'ектаў эканомікі, камунікацый, жыццезабеспячэння і абароны насельніцтва.

Сяргей Ляшук. Фота Дзмітрыя Восіпава. «Віцебскія весці».