Каманды 16 галіновых прафсаюзаў Віцебшчыны спаборнічалі ў 11 відах спорту
Каманды 16 галіновых прафсаюзаў – каля 400 чалавек – памераліся сіламі ў 11 відах спорту, што на 4 больш за леташні. Свае дасягненні прадэманстравалі і навучэнцы 13 прафсаюзных спартыўных школ вобласці, дзе ў агульнай складанасці займаецца каля 5 тыс. дзяцей. Дарэчы, для падтрымкі юных спартсменаў, якія патыхаюць надзеі, галіновымі прафсаюзамі заснаваны 24 стыпендыі. Удзельніца Гульняў у Рыа-дэ-Жанейра па марафонскім бегу МарынаДаманцевіч (прафсаюзная спортшкола «Нафтан») – з ліку такіх стыпендыятаў.
Пераможцамі ў камандным заліку сталі работнiкi «Віцебскаблгаза» (як і на папярэдняй спартакіядзе), на 2-м і 3-м месцах – прадстаўнікі аховы здароўя і адукацыі адпаведна. Што тычыцца асобных відаў спорту, то ў мнагабор’і і перацягванні каната не было роўных медыкам, у міні-футболе – яго аматарам з мясцовай прамысловасці і камунальна-бытавых прадпрыемстваў, у кідках у баскетбольны кошык – банкаўскім работнiкам. Ім уручаны кубкі, медалі і дыпломы. Лепшыя атлеты выступяць на рэспубліканскай міжгаліновай спартакіядзе прафсаюзаў, якая плануецца ў верасні ў Магілёве. На папярэдняй зборная Віцебшчыны заняла 2-е месца.
Галіна Шпакоўская. Фота Антона Сцепанішчава. «Віцебскія весці».