Камісіі па вырашэнні спрэчных пытанняў працуюць пры ўсіх пунктах тэсціравання ў Віцебскай вобласці

14 чэрвеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Камісіі па вырашэнні спрэчных пытанняў працуюць пры ўсіх пунктах тэсціравання ў Віцебскай вобласці, паведаміў сёння журналістам старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю па Віцебскай вобласці, старшыня абласной камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў Васіль Максімаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Такім чынам, усе тэсціруемыя могуць на месцы вырашыць спрэчныя сітуацыі, атрымаць адказы на хвалюючыя іх пытанні. "Мы зацікаўлены ў тым, каб неадкладна дапамагчы кожнаму, абараніць іх законныя правы і інтарэсы", - падкрэсліў Васіль Максімаў. Акрамя таго, ва ўсіх гарадах вобласці, дзе дзейнічаюць пункты тэсціравання (Віцебск, Орша, Наваполацк) працуюць тэлефонныя "гарачыя лініі", патэлефанаваўшы па якіх таксама можна атрымаць кваліфікаваныя адказы. "Наша задача - забяспечыць абітурыентам роўныя магчымасці для паступлення ў дзяржаўныя вышэйшыя і сярэднія спецыяльныя ўстановы адукацыі, своечасова і якасна разглядаць звароты па пытаннях тэсціравання і прыёму ва ўстановы адукацыі", - заявіў ён. Васіль Максімаў адзначыў, што ўсе 8 пунктаў тэсціравання Віцебскай вобласці гатовыя да правядзення выпрабаванняў і своечасова пачалі сваю працу. Для тых, хто праходзіць выпрабаванні, створаны ўсе ўмовы для паспяховай здачы тэстаў: забяспечана бяспека, арганізавана медыцынская дапамога і пункты харчавання. У Віцебскай вобласці дзейнічаюць пункты тэсціравання на базе Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, Віцебскага ўніверсітэта імя П.Машэрава, Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта, Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага каледжа, Полацкага дзяржуніверсітэта, Наваполацкага дзяржаўнага політэхнікума і Аршанскага дзяржаўнага механіка-эканамічнага каледжа. Па дадзеных на 1 чэрвеня, у гэтых пунктах для праходжання тэсціравання зарэгістраваліся 49595 чалавек, што на 2131 чалавека менш, чым у 2009-м, аднак больш, чым у 2008-м. -0-