Камітэт дзяржкантролю Беларусі вывучыць працу мясцовых органаў улады па падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак
18 сакавіка, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Камітэт дзяржкантролю Беларусі плануе вывучыць работу мясцовых органаў улады па падтрымцы асабістых падсобных гаспадарак вяскоўцаў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам старшыня КДК Зенон Ломаць пасля прамой лініі з жыхарамі Віцебскай вобласці, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Гэтае пытанне ўзняла ў ходзе прамой лініі жыхарка Шумілінскага раёна, якая трымае дзвюх кароў, цяля, здае малако і просіць аказаць садзейнічанне, у тым ліку ў забеспячэнні жывёлы кармамі. "Мясцовыя ўлады павінны бачыць такіх людзей, пастаянна дапамагаць і падтрымліваць іх", - упэўнены кіраўнік кантрольнага ведамства. Пры гэтым ініцыятыва павінна зыходзіць ад сельскіх выканкамаў, частку паслуг могуць узяць на сябе сельгаспрадпрыемствы, у тым ліку па забеспячэнні прыватных падворкаў збожжам і кармамі. Падтрымка асабістых падсобных гаспадарак з'яўляецца вельмі сур'ёзнай тэмай, і КДК плануе дэталёва разабрацца і прааналізаваць работу ў гэтым напрамку мясцовых органаў улады, падкрэсліў Зенон Ломаць.
Падводзячы вынікі прамой лініі, Зенон Ломаць адзначыў канструктыўны характар прапаноў, якія паступілі ад жыхароў вобласці. Так, жыхар Дзісны Міёрскага раёна заклапочаны пытаннямі эфектыўнасці выкарыстання пустуючых памяшканняў у самым маленькім горадзе Беларусі і заручыўся падтрымкай кантрольнага ведамства ў вырашэнні гэтых пытанняў. Віцябляне звярталіся па дапамогу па пытаннях добраўпарадкавання дваравых тэрыторый, адкрыцця магазінаў і паляпшэння транспартных зносін. Традыцыйнымі з'яўляюцца праблемы капітальнага рамонту жыллёвага фонду, шэраг пытанняў датычыўся нізкай якасці будаўніцтва жылля.
Разам з тым старшыня КДК адзначыў пазітыўныя пераўтварэнні ў абласным цэнтры. "Асабліва цікава пераўтвараецца Плошча Перамогі, якая, я ўпэўнены, стане самым любімым месцам адпачынку гараджан у найбліжэйшай будучыні", - лічыць ён.
Усяго падчас прамой лініі кіраўнік КДК за 3 гадзіны адказаў на пытанні больш за 40 жыхароў Віцебскай вобласці, было зарэгістравана звыш 18,6 тыс. спроб дазваніцца. Акрамя таго, аператарамі прынята 100 тэлефонных зваротаў. Усе звароты будуць разгледжаны і ўзяты на кантроль. У тых выпадках, дзе праблемы можна вырашыць, гэта будзе зроблена, падкрэсліў Зенон Ломаць.-0-