Камітэт па працы Віцебскага аблвыканкама адзначае рост долі электронных зваротаў

Комитет по труду Витебского облисполкома отмечает рост доли электронных обращений

Камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама адзначае рост долі электронных зваротаў у агульным аб'ёме зваротаў грамадзян. Пра гэта паведаміла сёння намеснік старшыні камітэта Наталля Хваль на пашыраным пасяджэнні калегіі камітэта.

За студзень-верасень спецыялісты сацыяльных службаў рэгіёна прынялі больш за 130 тыс. заяў на ажыццяўленне рознага віду адміністрацыйных працэдур. У камітэт паступіла 656 зваротаў грамадзян - на 15% больш, чым за аналагічны перыяд 2014-га. Асабліва вырасла колькасць электронных зваротаў - на 82,7%. Па словах Наталлі Хваль, тут адыграла сваю ролю ўкараненне мер па павышэнні інфарматызацыі гэтай работы, прадугледжаных новай рэдакцыяй Дырэктывы №2 "Аб дэбюракратызацыі дзяржаўнага апарату і павышэнні якасці забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва".

Намеснік старшыні камітэта дадала, што ў новай рэдакцыі механізмы работы з грамадзянамі і арганізацыямі больш выразна рэгламентаваны, і акцэнт зроблены на паляпшэнне яе на месцах. Найбольшую ўдзельную вагу сярод зваротаў займаюць пытанні правільнасці прымянення сістэм і форм аплаты працы і налічэння зарплаты, вылічэння памераў пенсіі, выкананне тэрмінаў выплат, у тым ліку дапамог па доглядзе за дзіцем да дасягнення ім узросту 3 гадоў, і просьбы садзейнічання ў працаўладкаванні. Усе звароты разгледжаны з улікам асаблівасцей канкрэтнай сітуацыі і вывучэннем прадастаўленых дакументаў. Парушэнняў тэрмінаў разгляду не дапушчана. У сувязі з ростам зваротаў па пытаннях працы, занятасці і сацыяльнай абароны камітэт накіраваў два лісты, якімі старшыням гаррайвыканкамаў даручана ўзяць на асаблівы кантроль забеспячэнне арганізацыямі на падведамных тэрыторыях сацыяльных стандартаў і выкананне нормаў працоўнага заканадаўства. Таксама надаць максімум увагі павышэнню выніковасці работы з грамадзянамі.

Наталля Хваль адзначыла, што адбылося зніжэнне колькасці зваротаў па пытаннях сацыяльнай падтрымкі, чаму спрыяе праца цэнтраў інфармавання пажылых грамадзян і службаў хуткага рэагавання пры тэрытарыяльных цэнтрах сацабслугоўвання насельніцтва. Асобныя з іх, дарэчы, размяшчаюць інфармацыю аб сваіх паслугах у "жыроўках". І выказана прапанова, што такую практыку трэба пашырыць. Акрамя таго, на старонцы сайта камітэта створаны раздзел "Вашы пытанні - нашы адказы".

У ім размяшчаюцца ў тым ліку адказы на пытанні, якія паступаюць на "прамыя тэлефонныя лініі", тлумачэнні норм прынятых заканадаўчых актаў і іншая інфармацыя. Арганізавана на пастаяннай аснове праца 20 тэлефонаў "гарачай лініі" па ўсіх напрамках дзейнасці камітэта. Задзейнічаюцца рэсурсы СМІ.

Кацярына Князева, БЕЛТА.