Камунальнікі з Пскова будуць пераймаць вопыт віцебскіх калег па ўборцы вуліц ад снегу

10 лютага, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Камунальнікі з Пскова будуць пераймаць вопыт віцебскіх калег па ўборцы вуліц ад снегу. Прадстаўнічая дэлегацыя горада-партнёра прыбыла сёння ў абласны цэнтр, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле ідэалагічнай работы Віцебскага гарвыканкама. Асноўнай мэтай візіту дэлегацыі, якую ўзначальвае першы намеснік кіраўніка адміністрацыі Пскова Сяргей Фёдараў, стане вывучэнне вопыту Віцебска па арганізацыі работы жыллёва-камунальных службаў, у тым ліку па ачыстцы вуліц, дваровых тэрыторый, дахаў ад снегу. Госці азнаёмяцца з дзейнасцю камунальнага прадпрыемства "Віцебскае гарадское ЖКГ", наведаюць раённыя ЖРЭТ. Акрамя таго, пскоўская дэлегацыя на сустрэчы са старшынёй Віцебскага гарвыканкама Віктарам Мікалайкіным абмяркуе пытанні далейшага развіцця партнёрскіх сувязей. У прыватнасці, будуць абмяркоўвацца пытанні нарошчвання аб'ёмаў паставак мясных і малочных вырабаў, іншай прадукцыі віцебскіх вытворцаў на рынкі Пскова і вобласці, павелічэнне выставачна-кірмашовых мерапрыемстваў, а таксама магчымасць удзелу расійскіх партнёраў у рэалізацыі сумесных праектаў у вытворчай сферы. Паводле даных аддзела знешнеэканамічных сувязей Віцебскага гарвыканкама, за 2010 год знешнегандлёвы абарот Віцебска з Пскоўскай вобласцю склаўся на ўзроўні $10205,9 тыс., што склала 141,8% да ўзроўню 2009-га. У тым ліку аб'ём экспартных паставак за мінулы год склаў $8536,4 тыс., тэмп росту - 159,4% да адпаведнага перыяду 2009 года. Асноўнымі экспартнымі таварамі з'яўляюцца прадукцыя дрэваапрацоўкі (аконныя рамы, дзверы), малочная прадукцыя, вырабы з мяса птушкі, дываны, цэгла, швейныя вырабы. Імпарт за 2010 год склаў $1669,5 тыс. - 90,8% да ўзроўню папярэдняга года. -0-