Камунальнікі Віцебскай вобласці шукаюць прыватную альтэрнатыву ЖЭУ
5 красавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Віцебскі, Аршанскі, Полацкі і Наваполацкі гарвыканкамы ў якасці эксперыменту абвясцілі аб правядзенні конкурсаў на права заключэння дагавораў на тэхнічнае абслугоўванне жыллёвага фонду, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення ЖКГ Віцебскага аблвыканкама Мікалай Мярэчка.
Эксперымент праводзіцца ў адпаведнасці з канцэпцыяй развіцця ЖКГ Беларусі да 2015 года. На думку Мікалая Мярэчкі, конкурсы дапамогуць прыцягнуць у сферу ЖКГ малы і сярэдні бізнес, фарміраваць канкурэнтнае асяроддзе, што адаб'ецца на кошце і якасці камунальных паслуг.
"Першай ластаўкай" у фарміраванні прыватна-дзяржаўнага партнёрства ў ЖКГ Віцебскай вобласці Мікалай Мярэчка назваў асацыяцыю ўласнікаў супольных домаўладанняў "Юнацтва", якая заключыла дагаворы на тэхнічнае абслугоўванне дамоў 5 таварыстваў уласнікаў у Оршы. "Юнацтва" абслугоўвае месцы агульнага карыстання, грамадскія інжынерныя сеткі, займаецца ўборкай пад'ездаў і прылеглых да дамоў тэрыторый - усім тым, за што звычайна адказваюць домаўпраўленні. На рахунак асацыяцыі паступаюць штомесячныя плацяжы квартздымшчыкаў за тэхнічнае абслугоўванне. Аб выніках дзейнасці асацыяцыі "Юнацтва" казаць яшчэ рана, аднак сур'ёзных нараканняў на яе працу не было.
Як лічыць Мікалай Мярэчка, са змяншэннем долі дзяржаўных датацый на аплату камунальных паслуг узрасце зацікаўленасць прыватных структур да працы ў сферы ЖКГ. Цяпер абласное ўпраўленне ЖКГ збірае прапановы па прыватна-дзяржаўным партнёрстве ў галіне лазневай гаспадаркі, азелянення, санітарнай ачысткі, раздзельнага збору, вывазу і перапрацоўкі адходаў і стварэнню неабходных умоў для эксперыменту з магчымасцю перадачы ва ўпраўленне або арэнду асноўных сродкаў.
Віцебскія камунальнікі таксама вырашылі вывучыць вопыт па прыцягненні інвестыцый супольнага таварыства з абмежаванай адказнасцю "Рэмондзіс-Мінск", якое займаецца перапрацоўкай адходаў. -0-