Камунальнікі Віцебскай вобласці правяраюць гатоўнасць кацельняў да апошняга ўдару зімовых маразоў
15 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Камунальнікі Віцебскай вобласці правяраюць гатоўнасць кацельняў да апошняга ўдару зімовых маразоў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА начальнік вытворча-тэхнічнага аддзела ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Анатоль Судак.
Паводле яго слоў, у бліжэйшыя два тыдні з-за моцных маразоў цеплааб'ектам вобласці трэба будзе працаваць з падвойнай нагрузкай. Таму цяпер на ўсіх кацельнях рэгіёна праводзіцца планавая праверка іх тэхнічнага стану, пераглядаюцца рэзервы матэрыяльна-тэхнічных сродкаў на выпадак ліквідацыі аварый. На ўсіх участках узмоцнена адказнасць службовых асоб, павышана гатоўнасць аварыйна-рамонтных службаў.
"У цэлым усе цеплааб'екты працуюць у штатным рэжыме, у дастатковай ступені забяспечаны палівам, таму аб'ектыўных прычын для хвалявання няма", - лічыць Анатоль Судак. Разам з гэтым ён не выключыў верагоднасць магчымых лакальных збояў у рабоце. "На гэты выпадак у нас ёсць дзве перасоўныя кацельні - у Віцебску і ў Глыбоцкім раёне. Пры неабходнасці яны адразу ж будуць задзейнічаны", - адзначыў кіраўнік.
Як паведамілі ў Віцебскім абласным цэнтры па гідраметэаралогіі і маніторынгу навакольнага асяроддзя, да канца тыдня ў Віцебскай вобласці чакаецца да 15 градусаў марозу днём, начная тэмпература паветра будзе апускацца да 25-30 градусаў. Марознае надвор'е захаваецца і на наступным тыдні.-0-