Кампаніі з 10 дзяржаў прымуць удзел у інавацыйным форуме ў Віцебску 20-21 мая
16 мая, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Дзелавыя колы Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Польшчы, Чэхіі, Германіі, Грузіі, КНР возьмуць удзел у міжнародным інавацыйным форуме "Інавацыйны бізнес - інвесціраванне будучыні" у Віцебску 20-21 мая, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч.
Выстава інавацыйных праектаў, распрацаваных прадпрыемствамі рэгіёна, упершыню прадстаўлена так маштабна: больш за 150 прапаноў гатовыя для патэнцыйных інвестараў. Прыярытэтнымі напрамкамі сталі інавацыйныя тэхналогіі ў галіне лагістыкі, энергазберажэння, харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці, машынабудавання, фармацэўтыкі, турызму.
У прыватнасці, на тэрыторыі Віцебскай вобласці плануецца стварэнне некалькіх тэрытарыяльных транспартна-лагістычных цэнтраў, прызначаных для абслугоўвання перавозак і апрацоўкі грузаў па месцы знаходжання кліентаў, у тым ліку транспартна-лагістычнага цэнтра на базе аэрапорта Віцебск, праект якога будзе прадстаўлены на форуме, і лагістычнага цэнтра "Грыгораўшчына" ў Верхнядзвінскім раёне. На форуме інвестарам будуць прапанаваны праекты па вытворчасці будаўнічых матэрыялаў, фармацэўтычных прэпаратаў, пекціну, рэсурса- і энергазберажэнню, заснаваныя на сыравінных магчымасцях і інавацыйных тэхналогіях, а таксама інвестпраекты па развіцці сферы паслуг і турызму.
Падчас работы форуму плануецца правядзенне навукова-практычнай выставы інавацыйных і інвестыцыйных праектаў "Навука. Інавацыі. Інвестыцыі", прэзентацыя прыярытэтных праектаў, кантактна-кааперацыйная біржа, наведванне прадпрыемстваў і інвестыцыйных пляцовак. Інвестары атрымаюць магчымасць азнаёміцца з ужо паспяхова рэалізаванымі на тэрыторыі вобласці праектамі, пагутарыць з бізнесменамі, якія вядуць інвестыцыйную дзейнасць у вобласці.
На думку Алега Мацкевіча, інавацыйны форум будзе спрыяць актывізацыі працэсаў двухбаковага супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі, гарадамі, суб'ектамі гаспадарання, нарошчванню інавацыйнага, інвестыцыйнага і экспартнага патэнцыялу, садзейнічанню рэалізацыі сумесных праектаў, прэзентацыі інавацыйных ідэй і распрацовак, заключэнню дагавораў і стварэнню сумесных прадпрыемстваў, у тым ліку венчурных вытворчасцей.-0-