Кампанія Logistikas Partneri SIA плануе здзейсніць першы чартарны рэйс у Оршу ў пачатку 2010 года
15 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Першы чартарны рэйс плануюць правесці ўжо ў студзені-сакавіку 2010 года Аршанскі авіярамонтны завод і кампанія Logistikas Partneri SIA (Латвія). Пагадненне аб супрацоўніцтве падпісана сёння на інвестыцыйным форуме ў Віцебску, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар Аршанскага авіярамонтнага завода Уладзімір Троіцкі.
Як растлумачыў суразмоўнік, латвійская кампанія ажыццяўляе дзейнасць у тым ліку і ў галіне транспартнай лагістыкі. Яна з'яўляецца афіляванай (на якую аказваюць уплыў) структурай такіх вядомых еўрапейскіх кампаній у сферы даставак і лагістыкі, як DHL і Schenker. Увагу Logistikas Partneri SIA прыцягнула інвестыцыйная прапанова па развіцці грузавой транспартнай лагістыкі на базе наяўнай аэрадромнай пляцоўкі Орша з улікам бліжэйшых чыгуначных шляхоў і міжнародных аўтамабільных дарог, што дазволіць рэалізоўваць паслугі па прыёме, захоўванні, адпраўцы грузаў рознымі відамі транспарту. Агульны аб'ём затрат на рэалізацыю гэтага інвестпраекта ацэньваецца ў $11,6 млн.
На першым этапе інвестар мае намер правесці пробныя чартарныя рэйсы. Наступным этапам стане стварэнне сумеснай вытворчасці і рэалізацыя інвестыцыйнага праекта па стварэнні міжнароднага лагістычнага цэнтра з выкарыстаннем авія-, чыгуначных і аўтамабільных зносін. Прадугледжваецца таксама будаўніцтва тэрмінала агульнай плошчай 57 тыс. кв.м.
Па ацэнцы кампаньёнаў, на поўную рэалізацыю гэтага праекта неабходна 5-6 гадоў.-0-