Кампанія "Марка" прадставіла абутак прэміум-класа
8 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Беларускі вытворца ўпершыню прадставіў на айчынным рынку абутак прэміум-класа. Буцік гандлёвай маркі Bravo сёння адкрыла ў Віцебску кампанія "Марка", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
На стэндах прадстаўлена каля 100 мадэляў абутку і скурагалантарэі сезона восень-зіма. Як расказаў карэспандэнту БЕЛТА генеральны дырэктар СТАА "Марка" Мікалай Мартынаў, у аснове гэтай калекцыі ляжаць рабочыя распрацоўкі дызайнераў вядомай італьянскай абутковай кампаніі "Балдзініні С.р.л." Сумесна з кіраўніком кампаніі-партнёра Джымі Балдзініні прынята рашэнне выпускаць элітны абутак пад новым брэндам Bravo. Яго пашыў ажыццяўляецца на прадпрыемстве "Сан-Марка", якое ўваходзіць у склад кампаніі "Марка". Згодна з дамоўленасцю замежны партнёр цалкам прадаставіў увесь раскрой і дакументацыю па мадэлях. Кожная мадэль прадстаўлена абмежаванай колькасцю пар. У іх вырабе прымяняюцца сучасныя матэрыялы. Адметнай рысай абутку Bravo з'яўляецца лагатып гандлёвай маркі на падэшвах і абцасах.
Па словах Мікалая Мартынава, неўзабаве буцік Bravo з'явіцца ў Мінску. Цяпер на прадпрыемстве ідзе праца над калекцыяй сезона вясна-лета.
Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю "Марка" з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў абутку ў Беларусі. У яго склад уваходзіць каля дзясятка прадпрыемстваў, у тым ліку тры фабрыкі па вытворчасці абутку. У планах 2010 года - нарошчванне вытворчасці да 4 млн. пар абутку. Больш за 50% абутку экспартуецца ў Расію. Прадпрыемства "Марка" было створана ў 1991 годзе, тут працуюць звыш 3 тыс. чалавек.
Кампанія "Балдзініні" створана ў 1910 годзе ў горадзе Сан Маўра Пасколі (Італія), дзе да гэтага часу знаходзяцца яе асноўныя вытворчыя плошчы. Выпускае высакаякасны элітны скураны абутак сярэдняй і вышэйшай цэнавай катэгорыі для мужчын і жанчын, а таксама скураныя аксэсуары. Прадукцыя адрозніваецца вытанчаным дызайнам і адносіцца да катэгорыі найбольш прэстыжных у Еўропе і свеце. Абароты "Балдзініні С.р.л" складаюць у сярэднім каля 50 млн. еўра ў год. На прадпрыемствах кампаніі працуюць звыш 300 чалавек. 80% вырабленай прадукцыі прызначана на экспарт. На рынках СНД і Усходняй Еўропы створана манабрэндавая тавараправодзячая сетка Baldinini. -0-