Камп'ютарныя клубы для невідушчых адкрываюцца ў Дзень белай палкі ў Віцебскай вобласці

15 кастрычніка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. У Міжнародны дзень белай палкі ў Віцебскай вобласці пачынаюць працаваць камп'ютарныя клубы для невідушчых, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Віцебскага абласнога аддзялення грамадскага аб'яднання "БелТІЗ" Аляксандр Дубка. Урачыстае адкрыццё такіх клубаў адначасова пройдзе ў Віцебску, Лепелі, Докшыцах, Шаркаўшчыне, Оршы і Полацку. Сігналам таго, што адкрыццё адбылося, стане выхад на сувязь з дапамогай праграмы Skype інвалідаў па зроку - жыхароў гэтых населеных пунктаў. Як чакаецца, да іх дыялогу далучацца інваліды з Санкт-Пецярбурга і нават Швецыі. Такім чынам, не выязджаючы за межы свайго горада, кожны невідушчы атрымае магчымасць чуць сваіх сяброў і знаёмых у розных кутках зямнога шара. Акрамя таго, у гэтых камп'ютарных клубах устаноўлены спецыяльныя праграмы, якія дазваляюць невідушчым людзям свабодна карыстацца камп'ютарам і Інтэрнэтам. Прычым усё гэта бясплатна. Як адзначыў Аляксандр Дубка, да канца бягучага года падобныя камп'ютарныя клубы будуць створаны ва ўсіх раёнах вобласці. Раней яны дзейнічалі толькі на чатырох прадпрыемствах таварыства невідушчых, і карыстацца імі мог толькі іх персанал. Цяпер кола невідушчых карыстальнікаў Інтэрнэту пашырыцца. Навучанне азам работы з камп'ютарам невідушчыя праходзяць у Віцебскім аддзяленні рэабілітацыі. Штомесяц каля дзясятка інвалідаў атрымліваюць веды аб персанальных камп'ютарах і асвойваюць навыкі работы на ім, а ўсяго за час працы аддзялення амаль 300 чалавек авалодалі камп'ютарнай пісьменнасцю. Цікава, што ад моладзі імкнуцца не адставаць і пенсіянеры. Камп'ютарныя клубы ствараюцца на базе тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання, таму доступ да іх будзе адкрыты і для іншых катэгорый людзей з абмежаванымі магчымасцямі, падкрэсліў Аляксандр Дубка. Сёння ў вобласці стартаваў месячнік белай палкі, прызваны звярнуць увагу грамадскасці на праблемы невідушчых людзей, паказаць іх дасягненні і поспехі. У вобласці пройдуць круглыя сталы з удзелам інвалідаў, медыкаў, работнікаў гандлю, сацыяльных службаў па развіцці безбар'ернага асяроддзя. Віцебскія спартсмены з абмежаванымі магчымасцямі прымуць удзел у спартакіядзе для невідушчых у Смаленску, а таксама арганізуюць турнір па шахматах і шашках.-0-