Комплекс для біяэкалагічных даследаванняў ствараецца ў Віцебскім дзяржуніверсітэце
21 ліпеня, Віцебск /Сяргей Кочатаў - БЕЛТА/. Апаратна-праграмны комплекс (АПК) для біяэкалагічных даследаванняў ствараецца ў Віцебскім дзяржуніверсітэце. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведаміў загадчык кафедры хіміі ўніверсітэта доктар біялагічных навук, прафесар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі Аляксандр Чыркін.
Паводле яго слоў, АПК дасць магчымасць рэалізаваць прыярытэтныя фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні, перш за ўсё ў інтарэсах Віцебскай вобласці.
Ён складаецца з некалькіх структурных элементаў, якія ўключаюць высокатэхналагічнае абсталяванне для хіміка-камп'ютарнага аналізу біякампанентаў экасістэм. Цяпер комплекс знаходзіцца на стадыі развіцця. Тым не менш, ужо першы вопыт яго прымянення дазволіў атрымаць перспектыўныя вынікі. З дапамогай комплексу вучоныя ўніверсітэта даследавалі вітамінны склад унікальнай для рэгіёна расліны - вадзянога арэха. Цяпер можна весці размову аб распрацоўцы праграмы стварэння воднаяй культуры расліны і атрыманні карыснай сельскагаспадарчай прадукцыі з тэрыторыі вадаёмаў.
А даследаванні вадкасці лялячкі кітайскага шаўкапрада, праведзеныя сумесна з кафедрай біяфізікі БДУ і цэнтральнай навукова-даследчай лабараторыяй Гродзенскага медуніверсітэта, дазволілі ўстанавіць яе хімічны склад і адкрыць адзін з наймацнейшых прыродных антыаксідантаў.
Даўкамплектаванне АПК сучаснымі прыборамі зробіць магчымымі даследаванні па трох перспектыўных напрамках: біяхімічнае суправаджэнне спорту (сумесна з вучонымі Полацкага дзяржуніверсітэта); пошук і стварэнне прэпаратаў, біясумяшчальных з клеткамі чалавека і жывёл для аптымізацыі іх дзейнасці ва ўмовах неспрыяльных экалагічных уздзеянняў; даследаванне асяроддзя пражывання людзей (сумесна з Віцебскім тэхналагічным універсітэтам).
Комплекс можа выкарыстоўвацца таксама для даследаванняў па праграме "Біяхімія здаровага ладу жыцця", для навучання студэнтаў і падрыхтоўкі канкурэнтаздольных спецыялістаў па біяэкалогіі і біяхіміі, выканання дыпломных работ, кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый.
У перспектыве АПК можа атрымаць статус цэнтра калектыўнага карыстання ВНУ вобласці, адзначыў Аляксандр Чыркін.-0-