Комплекс мер, накіраваных на паляпшэнне фінансавага становішча прадпрыемства, распрацаваны на віцебскай фабрыцы ЗІ
Па словах дырэктара ААТ «Сцяг індустрыялізацыі» Андрэя Шамшуры, да цяперашняга прафесійнага свята на прадпрыемстве падыходзяць, калі параўноўваць з крызісным і вельмі няпростым 2015 годам, са значна лепшымі паказчыкамі і настроем.
— Самае галоўнае, чаго мы дамагліся ў гэтым годзе, — поўная загрузка патокаў, — адзначае Андрэй Уладзіміравіч. — Увесь гэты перыяд працуем на ўласных абаротных сродках, без падключэння банкаўскіх крэдытаў, што, вядома, даволі няпроста.
На прадпрыемстве распрацаваны комплекс мер, накіраваных на паляпшэнне фінансавага становішча. У першую чаргу прадугледжваецца павелічэнне долі ўласнай прадукцыі і аптымізацыя колькасці калектыву, які налічвае цяпер каля 800 чалавек.
— Гэта ні ў якім разе не тычыцца здзельнікаў — швачак, — падкрэслівае Андрэй Шамшура. — Больш таго, па нашых разліках, каб атрымліваць аб'ём выручкі, які дазволіў бы фінансаваць бягучую дзейнасць і весці разлікі па даўгавых абавязацельствах, колькасць швачак плануецца павялічыць яшчэ прыкладна на 100 чалавек, што дасць 8 — 10 мільярдаў рублёў.
У ААТ «Сцяг індустрыялізацыі» правялі дыверсіфікацыю рынкаў збыту: калі раней асноўнымі былі Расійская Федэрацыя, Прыбалтыка, то сёлета з'явіліся заказы з Польшчы, падпісаны дагавор, паводле якога на прадпрыемстве павінны штомесяц вырабляць парадку 3 — 3,5 тысячы касцюмаў. Ёсць дамоўленасць з галандскай фірмай Grosso-Modo, для якой кожны месяц выпускаюць каля 4 тысяч штук вырабаў лёгкага асартыменту (блузкі, сукенкі). У сакавіку для іх вырабілі 30 тысяч блузак.
Працягваецца тэхнічнае пераўзбраенне, за апошнія дзевяць месяцаў набыта швейнага і трыкатажнага абсталявання на 1,5 мільярда рублёў. У параўнанні з мінулым годам нарошчаны ўласныя магутнасці за кошт новага трыкатажнага цэха, дзе працуюць амаль 60 швачак, што дало абарот ААТ «Сцяг індустрыялізацыі» у 1,5 — 2 мільёны расійскіх рублёў, або 450 — 600 мільёнаў беларускіх у эквіваленце.
Што тычыцца новых калекцый, канструктары і мадэльеры прадпрыемства працягваюць працаваць над распрацоўкай новых калекцый і вырабаў з беларускага лёну. «Гэта
наш конёк, тут мы практычна не маем канкурэнтаў у Беларусі», — лічыць дырэктар.Вядучы мастак-мадэльер эксперыментальнага цэха прадпрыемства Наталля Лагуціна расказала, што кожны год да пачатку летняга сезона ААТ «Сцяг індустрыялізацыі» выпускае калекцыю адзення з тканін Аршанскага льнакамбіната, і каб выгадна вылучацца на фоне сваіх канкурэнтаў, тут імкнуцца працаваць у рэчышчы самых апошніх напрамкаў сусветнай моды.
— Сёлета мы зрабілі стаўку на колер і незвычайныя спалучэнні прынтаў, колераў і фактур, — працягвае Н. Лагуціна. — У мужчынскую лінейку мадэляў уваходзяць пінжакі, штаны і брыджы. Класічныя па кроі вырабы выкананы з яркіх аднатонных і клетчатых тканін актуальных колераў.
У аздабленні выкарыстоўваюцца розная тасьма, кантрастныя гузікі і пятлі. Усе мадэлі адпавядаюць модным тэндэнцыям сезона. Нашы штаны праходзяць таксама спецыяльны працэс варкі, пасля якога не выцягваюцца на каленях, не замінаюцца.
Ярка-жоўтая і светлая жаночая калекцыя пабудавана на спалучэнні тканін некалькіх колераў моднай гамы, а таксама лёну з баваўняным шыццём. Лёгкія перфараваныя структуры як нельга лепш дапаўняюць натуральны дыхаючы лён, які яшчэ называюць беларускім шоўкам, — менавіта такія мадэлі карыстаюцца поспехам у пакупнікоў.
Усю гэту прыгажосць увасабляюць у жыццё шараговыя работнікі ААТ «Сцяг індустрыялізацыі». Сярод іх на добрым рахунку Алена Шарыпава, якая прысвяціла роднаму прадпрыемству 20 гадоў. Пачынала швачкай, а пазней асвоіла спецыяльнасць тэрмааздабляльніка. Калі выраб прайшоў праз рукі Алены Уладзіміраўны, кіраўніцтва і заказчыкі загадзя ведаюць: можна прымаць не гледзячы!
Віталь Шыенак. Фота Алега Клімовіча, «Віцьбічы».